Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: улады Беларусі прыцэльна перасьледуюць жаночыя арганізацыі


Жанчыны Беларусі адыгрываюць бачную ролю ў пратэстах, стаючы ахвярамі рэпрэсій і церпячы пагрозы ад уладаў, падкрэсьліваецца ў распаўсюджаным 7 сакавіка прэс-рэлізе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

Суразмоўніц Amnesty International, якіх арыштоўвалі і дапытвалі сілавікі, абвінавачвалі ў тым, што яны «дрэнныя маці», што яны «дрэнныя жонкі», улады пагражалі забраць у іх дзяцей. Падчас утрыманьня пад вартай яны сутыкаліся з жорсткасьцю, некаторых кінулі ў турму ў выніку неабгрунтаванага крымінальнага перасьледу, гаворыцца ў прэс-рэлізе Amnesty International.

«Сьвятлана Ціханоўская, прымушаная да эміграцыі кандыдатка у прэзыдэнты, кіраўніца яе штаба Марыя Калесьнікава, кінутая ў турму, Марфа Рабкова, зьняволеная праваабаронца, журналісткі Кацярына Бахвалава і Дар’я Чульцова, асуджаныя на двухгадовае зьняволеньне за прамую трансьляцыю акцыі пратэсту — вось толькі некаторыя з многіх жанчын, чые імёны сталі сынонімамі барацьбы за свабоду і правы чалавека ў Беларусі, — кажа Аіша Джанг, кiраўнiца кампаній Amnesty International у адносінах да Беларусі. — У глыбока патрыярхальным грамадзтве з распаўсюджаным сямейным гвалтам жанчыны ў Беларусі рызыкавалі шматлікім, калі адстойвалі свае перакананьні. Цяпер жа беларускія ўлады прымаюць яшчэ больш жорсткія меры, накіраваныя супраць жанчын-актывістак, іх арганізацый і семʼяў».

«Мы заклікаем да салідарнасьці з адважнымі жанчынамі Беларусі ў іх барацьбе за свабоду і правы чалавека. У сваёй барацьбе яны кідаюць выклік патрыярхальным поглядам і рэпрэсіўнаму ўраду, які імкнецца задушыць правы чалавека і задушыць перамены і прагрэс, да якіх заклікаюць беларусы», — зьвярнулася Аіша Джанг да прыхільнікаў Amnesty International.

Глябальная кампанія салідарнасьці Amnesty International з пратэстоўцамі ў Беларусі #StandWithBelarus была запушчана 27 студзеня 2021 году публікацыяй дакладу, які паказвае, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сыстэму правасудзьдзя для пакараньня ахвяр катаваньняў, а не злачынцаў. Арганізацыя рэгулярна выпускае матэрыялы, у якіх асьвятляецца, які перасьлед церпяць розныя пласты беларускага грамадзтва. Актывісты Amnesty International па ўсім сьвеце будуць удзельнічаць у розных акцыях, каб прадэманстраваць сваю салідарнасьць з мірнымі дэманстрантамі ў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG