Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя ня стала перасьледаваць пэнсіянэра МУС за бел-чырвона-белы плот


Дом Міхаіла Русака.
Дом Міхаіла Русака.

Аддзел унутраных справаў Гомельскага райвыканкаму прыняў рашэньне спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні пэнсіянэра МУС Міхаіла Русака.

Праверка праводзілася на даручэньне пракуратуры з нагоды таго, што ў пэнсіянэра плот — бел-чырвона-белы. Ад верасьня на ўласным падворку Міхаіла Русака быў разьмешчаны бел-чырвона-белы сьцяг. Яго скралі невядомыя.

Пэнсіянэр купіў і паставіў новыя сьцягі, іх прыехалі здымаць каля дваццаці чалавек — прадстаўнікі міліцыі, сельсавету, камунальнікі. Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гаспадара, і зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі. Пасьля Міхаіла Русака аштрафавалі за сьцягі на 405 рублёў.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — кажа Міхаіл Русак.

Паводле пратаколу, Міхаіл Русак парушыў заканадаўства тым, што «не зрабіў належных захадаў для падтрыманьня ў належным стане знадворнага выгляду жылога дому ды іншых збудаваньняў, а менавіта разьмясьціў на даху збудаваньня і фасадзе жылога дому незарэгістраваную сымболіку (бел-чырвона-белыя сьцягі)».

Пасьля гэтага выпадку ўвосень пэнсіянэр МУС пафарбаваў свой плот і гараж у «палітычныя колеры».

Міхаіл Русак
Міхаіл Русак

«Зноў да мяне прыходзілі тыя ж невядомыя, што і першы раз, відаць, міліцыянты. Патрабавалі зафарбаваць плот. Я пытаўся ў іх дазволу — у які колер мне фарбаваць і абавязкова каб прадставілі нарматыўны акт, на які яны спасылаюцца. Я казаў, што трыццаць гадоў працаваў у міліцыі і змагаўся з пярэваратнямі ў пагонах, яшчэ пры бандзе Марозава. Рабіў гэта ў тым ліку і дзеля іх і іх дзяцей, каб яны жылі ў шчасьлівай краіне, а не служылі аднаму толькі чалавеку. Калі мяне раней яшчэ віншавалі з Днём міліцыі як пэнсіянэра — я ім назад тую паштоўку аддаў і напісаў, што я да такой міліцыі ня маю ніякага дачыненьня, такой, якая служыць злачыннаму рэжыму. І ўсё — больш паштовак не дасылалі. Я ім тлумачыў, што як пэнсіянэры яны мусяць даваць правільныя арыенціры маладым, а не зьбірацца, каб піць алькаголь», — пракамэнтаваў Русак.

Фрагмэнт адказу аддзелу ўнутруных справаў Гомельскага райыканкаму.
Фрагмэнт адказу аддзелу ўнутруных справаў Гомельскага райыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG