Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырох затрыманых у Менску ўдзельнікаў студэнцкай канфэрэнцыі асудзілі на 14-15 сутак арышту


Ілюстрацыйнае фота. Суд Цэнтральнага раёну Менску

Чатырох затрыманых у Менску 5 сакавіка ўдзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі Лігі студэнцкіх аб’яднаньняў асудзілі на 14-15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Суды над затрыманымі прайшлі 7 сакавіка ў судах Кастрычніцкага і Цэнтральнага раёнаў Менску. Вынікі судоў:

  • Уладзіслаў Калькоў — 15 сутак арышту,
  • Соф’я Маргунова — 15 сутак,
  • Станіслаў Сенюкевіч — 15 сутак,
  • Крысьціна Міроненка — на 14 сутак.

Усіх студэнтаў асудзілі па артыкуле 23.4 КаАП (за непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы).

Увечары 5 сакавіка сілавікі ў масках уварваліся ў менскі бізнэс-клюб «Імагуру», дзе праходзіла ўстаноўчая канфэрэнцыя Лігі студэнцкіх абʼяднаньняў. На ёй меліся выбіраць старшыню Студэнцкага прафсаюзу. Затрымалі каля 30 чалавек, сярод іх былі палітоляг Андрэй Ягораў, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Марыя Тарадзецкая, журналіст Арцём Лява, які рыхтаваў матэрыял зь мерапрыемства, і іншыя.

На раніцу 6 сакавіка большасьць удзельнікаў мерапрыемства адпусьцілі зь міліцыі. Зь імі правялі «прафіляктычныя гутаркі» і вызвалілі без складаньня пратаколаў. Чатырох студэнтаў адправілі на Акрэсьціна да суду.

Свабодны прафсаюз беларускі заявіў, што разам з адвакатамі будзе абскарджваць гэтыя рашэньні і ўсю інфармацыю перадасьць у міжнародныя арганізацыі, у тым ліку і ў Міжнародную арганізацыю працы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG