Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Едзьце ў Беларусь, там і рабіце рэвалюцыю». Як дваім беларусам давялося пакінуць Расею за ўдзел у пратэстах


Акцыя беларусаў Санкт-Пецярбургу 10 кастрычніка 2020 году
Акцыя беларусаў Санкт-Пецярбургу 10 кастрычніка 2020 году

У Расеі, калі іншаземцы ўдзельнічаюць у пратэстах, іх пазбаўляюць віду на жыхарства і выдвараюць з краіны. Гэта датычыць і грамадзян Беларусі.

Не заўсёды гэта прамая дэпартацыя, але іншаземцы гавораць пра акалічнасьці, у якіх намёкі недвухсэнсоўныя і даводзіцца як мага хутчэй пакаваць валізы. Два выпадкі зьвязаныя з акцыямі салідарнасьці зь Беларусьсю, піша «Медуза».

Грамадзянка Беларусі Лана Савановіч, якая была неафіцыйнай каардынатаркай беларускай дыяспары ў Маскве, зьехала з Расеі ў Польшчу 13 лютага ў выніку адмовы на заяву аб відзе на жыхарства ў Расеі. Фармулёўка адмовы — «рашэньне ФСБ».

Савановіч думала, што ў Расеі «больш законнасьці і парадку», чым на радзіме, але прызнала памылку. За амаль год, што пражыла ў Маскве, Лана разам з паплечнікамі дапамагала землякам, якія вырашылі схавацца ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі ў Расеі.

Цяпер Савановіч празь нежаданьне трапіць пад арышт за «пагрозу канстытуцыйнаму ладу» ўцякла ўжо ад расейскіх уладаў.

Таксама вымушана пакінуў межы Расеі 50-гадовы беларус Руслан Хазін. Ён удзельнічаў у пікетах ля амбасады Беларусі і запісе відэазваротаў са словамі падтрымкі суайчыньнікаў ад імя беларускай дыяспары ў Пецярбургу. У лістападзе разам з другім актывістам ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на Ісакіеўскім саборы, за што суд выпісаў абодвум штраф у 10 тысяч расейскіх рублёў (354 беларускія рублі).

Хазін жыў у Пецярбургу 8 гадоў, праз пэўныя абмежаваньні ў час каранавіруснай пандэміі падаў дакумэнты на від на жыхарства. Але яго яму не далі, аднойчы выклікалі да кіраўніцтва кампаніі, у якой працаваў, там чакалі два супрацоўнікі ў цывільным. Тыя дапытвалі яго 2 гадзіны пра сувязі са штабам Ціханоўскай і ня верылі ў дэцэнтралізаваны пратэст.

На заканчэньне Хазіну далі зразумець, што больш працаваць у Расеі яму не дадуць. Ямы заявілі: «Едзьце ў Беларусь, там і рабіце рэвалюцыю». Некалькі наступных дзён Руслан заўважаў сачэньне за сабой каля пад’езду, пасьля чаго адправіўся на самалёце ў Варшаву.

Высылаюць і за падтрымку Навальнага

Грамадзянін Кіргізстану Дзяніс Адоньеў расказаў, што яму анулявалі від на жыхарства ў Расеі і забаранілі ўезд у краіну на наступныя 40 гадоў пасьля затрыманьня на няўзгодненай акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага 23 студзеня ў Маскве.

Падобная гісторыя здарылася і з 22-гадовым грамадзянінам Малдовы Маркам Чабатаром. Ён жыве ў Геленджыку каля дзесяці гадоў і ўпершыню ўдзельнічаў у пратэставай акцыі ля будынку гарадзкой адміністрацыі. Яму прысудзілі штраф, а потым падчас нефармальнага допыту ў аддзяленьні міграцыі крыкам хацелі даведацца, «хто заплаціў яму за ўдзел у пратэсьце».

Неўзабаве Чабатар атрымаў пастанову аб забароне ўезду ў Расею на 5 гадоў і ануляваньні віду на жыхарства. Пры гэтым у Расеі ёсьць замежныя грамадзяне, якім забаранілі прыезд цягам наступных 99 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG