Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Міхала Дубянецкага


Міхал Дубянецкі
Міхал Дубянецкі

Падзеі 4 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

4 сакавіка 1927 у вёсцы Востраў (цяпер Пінскі раён) нарадзіўся Міхал Дубянецкі, кнігавыдавец і перакладчык, адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі» і БНФ «Адраджэньне».

Дубянецкі неацэнна шмат зрабіў для разьвіцьця ў Беларусі энцыкляпэдычнай справы. Калегі сьцьвярджаюць, што менавіта ён быў ініцыятарам шматтомнага выданьня твораў беларускага фальклёру. Ягоны талент кнігавыдаўца найбольш поўна раскрыўся на пасадзе дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прымаючы на працу новага супрацоўніка, Дубянецкі зазвычай казаў: «Запомніце, вы прыйшлі працаваць рэдактарам, а ня цэнзарам».

Добра ведаючы «кухню» савецкай цэнзуры, ён здолеў давесьці да сустрэчы з чытачом шмат сумнеўных з гледзішча ўлады кніг, у тым ліку чатырохтомнік Васіля Быкава, уключыўшы туды крамольную аповесьць «Мёртвым не баліць».

Уся лёгіка жыцьця Дубянецкага прывяла яго ў шэрагі тых, хто пры канцы 1980-х узяў на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі. Ён быў сярод ініцыятараў стварэньня Камітэту-58, што падрыхтаваў Устаноўчы сход «Мартыралёгу Беларусі» 19 кастрычніка 1988 году. На тым гістарычным сходзе, дзе спадар Міхал старшыняваў, утварыўся аргкамітэт БНФ «Адраджэньне».

Дубянецкі стаў адным з найактыўнейшых сябраў як грамадзкай рады «Мартыралёгу», так і аргкамітэту (а затым і першага Сойму) БНФ. Ён умеў трымаць удар.

Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафона супрацоўніка ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры — Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.
Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафона супрацоўніка ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры — Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.

Ён быў побач з намі на векапомных агульнабеларускіх Дзядах 30 кастрычніка 1988-га. Ягоны нягучны, але прасякнуты вераю ў сваю праўду голас прымушаў заціхаць шматтысячныя мітынгі.

Дубянецкага пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам, якому заставаўся яшчэ год да таго, каб стаць дзяржаўным.

Пасьмяротную публікацыю ягоных мэмуараў «Трэба рызыкаваць...» (дзе фiгуравала размаiтая нечысьць ад загадчыкаў аддзелаў ЦК да шараговага стукача М.), распачатую ў часопісе «Полымя» Сяргеем Законьнікавым, помсьліва спыніў прызначаны ўладамі новы галоўны рэдактар М. Мятліцкі.

Успаміны спадара Міхала ўрэшце надрукаваў незалежны часопіс «Дзеяслоў».

Кажуць, стукач М. кусаў сабе локці.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. С. 368–369

Таксама ў гэты дзень

1917 — загадам грамадзянскага камэнданта Менску быў створаны гарадзкі аддзел Усерасейскага земскага саюзу па ахове парадку. Афіцыйна лічыцца, што з гэтай даты пачала свой адлік гісторыя беларускай міліцыі. Але на той момант ні беларускай міліцыі, ні беларускай дзяржавы яшчэ не было — Беларуская Народная Рэспубліка зьявілася праз год, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь — праз два гады. На момант прызначэньня Фрунзэ беларускія землі знаходзіліся ў складзе Расейскай імпэрыі, якая вяла баявыя дзеяньні ў Першай усясьветнай вайне.

1837 — Чыкага, што ў штаце Ілінойс, атрымаў статус гораду.

1956 — у Беластоку пачала выходзіць газэта «Ніва» — тыднёвік беларусаў у Польшчы.

1990 — прайшлі першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР 12 скліканьня

У гэты дзень нарадзіліся

1634Казімер Лышчынскі, філёзаф-матэрыяліст родам з-пад Берасьця, пэдагог і грамадзкі дзяяч, пакараны сьмерцю за атэізм.

1678Антоніё Вівальдзі, італьянскі кампазытар

1958Лявон Баршчэўскі, беларускі філёляг, перакладнік, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII скліканьня.

Дэпутаты незалежнасьці Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі і Сяргей Папкоў, Менск, плошча Незалежнасьці, акцыя пратэсту, пратэст, мітынг, 25 жніўня
Дэпутаты незалежнасьці Лявон Баршчэўскі, Пятро Садоўскі і Сяргей Папкоў, Менск, плошча Незалежнасьці, акцыя пратэсту, пратэст, мітынг, 25 жніўня

У памяці

1812 — памёр Яўхім Храптовіч, дзяржаўны, гаспадарчы, навуковы і культурны дзяяч ВКЛ, апошні канцлер ВКЛ.

1852Мікалай Гогаль, расейскі пісьменьнік

1892 — памёр Францішак Вярэнька, беларускі краязнавец і археоляг.

2005 — памёр Карлас Шэрман, беларускі літаратар і праваабаронца.

Тацяна Процька, Карлас Шэрман, Уладзімер Кармількін на пасяджэньні Беларускага Хэльсынскага камітэту, 1995
Тацяна Процька, Карлас Шэрман, Уладзімер Кармількін на пасяджэньні Беларускага Хэльсынскага камітэту, 1995

Месца яго нарадзінаў для беларускага літаратара ня самае звычайнае. У выходныя дні Карласаў бацька Рыгор — заходнебеларускі габрэй-эмігрант — рыбаліў у Ля-Пляце і, прывозячы дадому тамтэйшых двухмэтровых рыбін, у адказ на захопленыя крыкі малога пагардліва азываўся: «Хіба гэта рыба! Гаўно! Вось у нас у Прыпяці — там рыба!»

У далёкую й загадкавую Беларусь Карлас зь сям’ёю прыехаў у сярэдзіне 1950-х. Дваццацідвухгадовы юнак пасьпеў ужо закончыць Нацыянальны ўнівэрсытэт Марэна ў Буэнас-Айрэсе й нават пабыць галоўным рэдактарам апазыцыйнай левай газэты...

Краіна саветаў, якая ўяўлялася Карласу ледзьве не зямлёй запаветнай, падаравала бязьлітасны крах ілюзіяў. На прычале ў вяртанцаў першым чынам забралі пашпарты. З сотняў рэпатрыянтаў, якія сышлі разам з Шэрманамі з аргентынскага цеплахода ў адэскім порце, практычна ўсе праўдамі й няпраўдамі вярнуліся ў Амэрыку. Карлас застаўся. Вырашальную ролю адыграла сустрэча з Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Караткевічам і Валянцінам Тарасам.

Дзякуючы Шэрману па-гішпанску загучала беларуская клясыка — ад Купалы да Васіля Быкава.

У тандэме з Барадуліным Карлас паставіў на нашыя паліцы цэлую бібліятэку з твораў Фэдэрыка Гарсія Лёркі, Габрыелі Містраль, Нікаляса Гільена... Улетку 1977-га самым папулярным часопісам у СССР нечакана зрабіўся наш «Нёман». Там друкаваўся зроблены Шэрманам у суаўтарстве з Валянцінам Тарасам пераклад раману Габрыеля Гарсія Маркеса «Восень патрыярха», зьяўленьне якога ў гады росквіту брэжнеўскага застою было падзеяй, што выходзіла за межы літаратуры.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. С. 536–537

2011 — памерла Тацяна Зіненка, паэтка

На тым месцы ўжо гарадзкая забудова, а тады мы, некалькі тысяч мітынгоўцаў, каму ўдалося вырвацца зь міліцэйскага атачэньня на Ўсходніх могілках, стаялі пасярод голага поля, і вецер кідаў нам у твар першыя калючыя сьняжынкі. Былі Дзяды, 30 кастрычніка 1988-га.

Пасьля двух выступаў: Зянона Пазьняка (ад аргкамітэту БНФ «Адраджэньне») і майго (ад створанага дзесяць дзён таму таварыства «Мартыралёг Беларусі») вакол нас зноў сьціснулася ачапленьне.

Салдаты ўнутраных войскаў відавочна паходзілі зь сярэднеазіяцкіх рэспублік, ня надта разумелі, што адбываецца, і маглі выканаць любы загад сваіх камандзіраў. У нашых шэрагах адчуліся трывога і разгубленасьць.

І тут наперад ступіла і адкінула з высокага чыстага ілба неслухмяную пасмачку гожая русявая дзяўчына:

Пачуйце ўсе маю жывую споведзь,
Хоць я памерці заўтра не баюся.
Але мяне сягоньня непакоіць
Найбольш за ўсё — маўчаньне Беларусі...

Цяпер той верш адкрывае выдадзеную ў 2019-м пасьмяротную Тацяніну кнігу «Гарчэйшае пітво». Яе ўкладальнік і рэдактар Леанід Галубовіч называе Зіненку адзінай жанчынай сярод нашых так званых выклятых паэтаў: Міхася Стральцова, Міколы Купрэева, Анатоля Сыса...

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. С. 603

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG