Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Джардана Бруна, Ваніні і Сьпіноза ў адной асобе


Інсцэнізацыя пакараньня сьмерцю Казімера Лышчынскага

330 гадоў таму, 30 сакавіка 1689 году на плошчы Старога Мяста ў Варшаве згодна прысуду соймавага суду Рэчы Паспалітай Казімер Лышчынскі быў абезгалоўлены і спалены на вогнішчы.

Філёзафа Казімера Лышчынскага называюць беларускім Джардана Бруна. Яго судзілі за напісаны ім трактат «Пра неіснаваньне Бога». Паводле прысуду на плошчы Старога рынку ў Варшаве Лышчынскаму публічна адсеклі галаву, цела вывезьлі за горад і спалілі, а попелам стрэлілі з гарматы.

Паштовая марка Беларусі з выявай Казімера Лышчынскага
Паштовая марка Беларусі з выявай Казімера Лышчынскага

Як заўважае гістарычны пісьменьнік Уладзімер Арлоў, «Пра суд над вальнадумцам пісала прэса Францыі, Італіі, Швэцыі. Ягоныя погляды былі вядомыя ў Нямеччыне, Англіі, Гішпаніі ды іншых краінах Эўропы. Высокую ацэнку Казімеру Лышчынскаму далі беларускія прадстаўнікі каталіцкага Ордэну піяраў, якія паставілі яго ў адзін шэраг з такімі волатамі эўрапейскай філязофскай думкі, як Ваніні і Сьпіноза».

Беларускі шляхціц Казімер Лышчынскі, які ў будучыні стане славутым мысьляром, нарадзіўся 4 сакавіка 1634 году ў Лышчыцах пад Берасьцем. Вучыўся Лышчынскі ў Берасьцейскім езуіцкім калегіюме і ў духоўнай акадэміі ў Кракаве. Нейкі час працаваў выкладчыкам, пасьля юрыстам, а ўрэшце падаўся ў палітыку — быў паслом ад Берасьця ў сойме Вялікага Княства.

Пры тым Лышчынскі разважаў пра тое, як уладкаваны сьвет і занатоўваў свае развагі на паперы. Ён марыў пра стварэньне грамадзтва роўнасьці і братэрства, жадаў бачыць «сьвет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў». Гэткай рэвалюцыйнай сьцяжынай Лышчынскі прыйшоў да атэізму. У свае 53 гады ён піша «Трактат пра неіснаваньне Бога». Натуральна, XVII стагодзьдзе было зусім ня той эпохай, калі атэістычныя выказваньні маглі рабіцца беспакарана. Лышчынскага зьняволілі, а ўрэшце соймавы суд прысудзіў яго да пакараньня сьмерцю.

Вось як апісвае калізію пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч: «Да таго, як палова народу тут вымушана ці сьвядома зрабілася даносчыкамі, на Беларусі ўжо былі свае знакамітасьці ў гэтым жанры. У кнігах па гісторыі Беларусі згадваецца «браслаўскі стольнік» Ян Бжоска, які «заклаў» у сямнаццатым стагодзьдзі вучонага Казімера Лышчынскага. Бжоска быў вінен Лышчынскаму сто тысяч талераў і напісаў на таго данос: маўляў, гэты інцілягент займаецца бязбожнымі справамі... Лышчынскі апынуўся ў турме. Пазьней яму адсеклі галаву».

Казімер Лышчынскі — адзін з самых цікавых і важных герояў беларускай гісторыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG