Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штучны інтэлект напісаў п’есу. У створаным ім сьвеце шмат лаянкі, агрэсіі і порна


Сцэна са спэктаклю. Фота з Фэйсбуку Švandovo divadlo
Сцэна са спэктаклю. Фота з Фэйсбуку Švandovo divadlo

У Чэхіі паставілі спэктакль паводле пʼесы, якую цалкам напісаў штучны інтэлект. Месцамі яна надзіва вульгарная, але нечакана рэалістычна адлюстроўвае сучаснасьць.

Спэктакль пад назвай «Штучны інтэлект: калі робат піша пʼесу» — менавіта пра тое, што сказана ў назьве. Гэта экспэрымэнтальны супольны праект тэатральных дзеячоў і лінгва-праграмістаў. Онлайн-прэмʼеру правёў праскі «Швандавы тэатар».

Пра саму ідэю

Аўтар ідэі, кампутарны спэцыяліст Томаш Студэнік, хацеў такім чынам аддаць даніну павагі чэскаму пісьменьніку і драматургу Карэлу Чапэку, які сто гадоў таму прыдумаў слова «робат». «Чапэк напісаў пʼесу пра робатаў. Чаму б праз 100 гадоў робату не напісаць пʼесу пра чалавека?» — разважаў Студэнік. Вынікам ягоных высілкаў, супольных са «Швандавым тэатрам» і фізматам Карлавага ўнівэрсытэту, стаў твор, у якім «чалавечыя» драматургія і акторы суіснуюць з загадкавай і часта непрадказальнай лінгва-матэматычнай мадэльлю GPA-2. Галоўны герой п'есы, напісанай робатам – таксама робат.

Як навучалі штучны інтэлект

Сьпярша штучны розум вывучыў сотні тысячаў артыкулаў, каб мець уяўленьне, як працуе мова, і атрымаў заданьне скласьці на іх базе ўласны арыгінальны тэкст. Яму задалі асноўныя парамэтры — дзе, хто і з кім гаворыць, прапанавалі дзьве ўводныя рэплікі. Зыходзячы з гэтага, альгарытм ствараў далейшы тэкст. «Прыкідваў, якая павінна быць структура тэксту, якая тэма, а потым слова за словам генэраваў працяг», — расказвалі спэцыялісты ў галіне матэматычнай лінгвістыкі.

Празь некалькі месяцаў працы ўзьнік набор з 50 дыялёгаў. Драматургі выбралі спаміж іх восем і склалі ў пэўным парадку, каб выйшла завершаная гісторыя. Вынік нагадвае футурыстычны сюжэт «Маленькага прынца»: робат пасьля сьмерці свайго гаспадара туляецца сярод людзей, размаўляе зь імі і спазнае сьвет. Пʼесу, напісаную па-ангельску, мэханічна пераклалі на чэскую мову і амаль нічога не рэдагавалі. Атрымалася нешта паміж чорнай камэдыяй абсурду і экзістэнцыйнай драмай.


Якім рэчам ня даў рады штучны пісьменьнік

Штучны драматург усё ж пакуль цалкам без чалавечай дапамогі не абыходзіцца. Часам ён блытаў мужчынскіх і жаночых пэрсанажаў, збочваў з тэмы, пасьля чаго дыялёг траціў сэнс. Але варта было чалавеку ўказаць кампутару, дзе той зьбіўся з тропу, ён вяртаўся і пачынаў генэраваць новы тэкст з таго самага месца.

Часам рэплікі гучаць нязьвязна, але гэта ўпісваецца ў кантэкст пʼесы абсурду. Вось робат прыходзіць у бюро працаўладкаваньня. Чыноўніца спрабуе высьветліць, на што ён здольны.

«Я не магу вам сказаць, што зьбіраюся вам сказаць, бо гэта можа быць сапраўды няёмка, і вы можаце падумаць: «Ай, не, я не хачу гэтага чуць!» — адказвае ёй робат.

Драматургі-людзі адзначаюць, што кампутар пакуль ня ўлоўлівае падтэксту. Важна ж ня толькі тое, што гаворыць пэрсанаж, але і што мае на ўвазе. Яму бракуе таксама візуальнага ўяўленьня, пасьлядоўнасьці ў стварэньні вобразу. Аднак — і гэта было сюрпрызам — у розных сцэнах пʼесы штучны інтэлект паўтараў рэпліку галоўнага героя: «Я — бінарны».

Ахвяра інтэрнэту

Нечакана ў сцэнар аказаліся ўпісанымі некалькі матываў, да якіх драматургі-людзі ўвогуле не прыклалі рукі. «Пʼеса — гэта, па сутнасьці, адлюстраваньне сёньняшняга англамоўнага сэгмэнту інтэрнэту. А кажуць жа, што інтэрнэт напалову складаецца з порна, а рэшта — з гвалту. Гэта адбілася і на пʼесе», — кажа Томаш Студэнік.

Робат-драматург папярэдне перачытаў безьліч сцэнараў, так што працаваў з тым, што паўтаралася ў іх найчасьцей. У выніку практычна любая сытуацыя вядзе да сэксу, у сюжэце шмат гвалту, эксплюатуецца сэксуальнасьць амаль кожнага жаночага пэрсанажа. Героі шмат брыдкасловяць: «Калі ласка, забі мяне зараз жа! Ты мяне даводзіш да аху....а шалу!» — акторы прамаўляюць свае рэплікі менавіта такімі, якімі іх напісаў штучны інтэлект, якія б вульгарныя яны ні былі. Усе акторы — людзі, робаты ў пʼесе ня граюць.

Робат — не канкурэнт

Унікальны праект THEaiТRE толькі пачынаецца. Матэматыкі і кампутарныя лінгвісты хочуць палепшыць мадэль, каб яна лепш разумела кантэкст усёй пʼесы і не абмяжоўвалася асобнымі сцэнамі альбо толькі двума пэрсанажамі ў адным дыялёгу. У плянах — сэрыял.

Паводле пастаноўшчыка спэктакля Даніэля Грбэка, драматургам ня варта турбавацца, што кампутары зробяць іх беспрацоўнымі. «Я ўспрымаю рэчаіснасьць так, што яе, магчыма, піша штучны інтэлект, бо ўжо цяпер у ёй немагчыма зарыентавацца, — кажа ён. — Ня думаю, што штучны інтэлект дадаў бы ў рэальнасьць большага хаосу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG