Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так з тэмай «народнага адзінства»


Дэлегаты на гэтак званым Усебеларускім народым сходзе, 12 лютага 2021

Парадокс сытуацыі ў тым, што гаворка на тэму адзінства адбываецца ў момант найбольшага ў найноўшай гісторыі Беларусі грамадзкага расколу. Таму паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю — прорва.

Сьцісла:

  • Калі б кіроўны рэжым сапраўды быў зацікаўлены ў пераадоленьні расколу, то ён пачаў бы сур’ёзны дыялёг з грамадзтвам, арганізаваў бы перамовы з палітычнымі апанэнтамі.
  • Улады разумеюць адзінства як аб’яднаньне сваіх прыхільнікаў вакол рэжыму дзеля барацьбы з палітычнымі праціўнікамі. То бок канцэпт «адзінства» ў іх разуменьні ёсьць замацаваньне і паглыбленьне грамадзкага расколу.
  • Улады спрабуюць стварыць большасьць на сваю карысьць штучна, прымусова.
  • Гвалт, адміністратыўны ціск, камандныя мэтады — адзіны зразумелы Лукашэнку спосаб вырашэньня ўсіх эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем.
  • У пытаньні з выбарам даты «Дня народнага адзінства» відавочны антыпольскі, увогуле — антызаходні кантэкст.

Дзяржаўныя мэдыя актыўна раскручваюць тэму «народнага адзінства». Афіцыйна ўвесь 2021 год праходзіць пад такім слоганам. Улады зьбіраюцца ўстанавіць сьвята «Дзень народнага адзінства» і нават пабудаваць адпаведны помнік.

Парадокс сытуацыі ў тым, што гаворка на тэму адзінства адбываецца ў момант найбольшага ў найноўшай гісторыі Беларусі грамадзкага расколу. Таму паміж афіцыйнай рыторыкай і рэальнасьцю — прорва.

Сама па сабе праблема сфармуляваная некарэктна. Сацыяльна-палітычнага адзінства ў сучасным грамадзтве ня можа быць паводле азначэньня. Яго спрабавалі навязаць сілай таталітарныя рэжымы, але неабходнай умовай і спадарожнікам такога стану было высяленьне ўсіх нязгодных у ГУЛАГ. Канцлягер — неад’емны элемэнт такога адзінства.

Канфлікт — гэта норма любога, ня толькі сучаснага грамадзтва. А роля дзяржавы палягае ў тым, каб стварыць легальныя мэханізмы вырашэньня канфлікту і пошуку кампрамісу.

Таму, калі б кіроўны рэжым сапраўды быў зацікаўлены ў пераадоленьні расколу, то ён пачаў бы сур’ёзны дыялёг з грамадзтвам, арганізаваў бы перамовы з палітычнымі апанэнтамі.

Але ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот. Як слушна заўважыў у сваім блогу Валянцін Жданко, улады разумеюць адзінства як аб’яднаньне сваіх прыхільнікаў вакол рэжыму дзеля барацьбы з палітычнымі праціўнікамі. То бок канцэпт «адзінства» ў іх разуменьні ёсьць замацаваньне і паглыбленьне грамадзкага расколу. Гэта Оруэл і Кафка ў адным фляконе.

Сытуацыя выглядае асабліва абсурднай з улікам таго, што існы рэжым абапіраецца на меншасьць, а ворагамі абвяшчае большасьць грамадзян краіны.

Выхад з сытуацыі ўлады знайшлі просты. Яны спрабуюць стварыць гэтую большасьць на сваю карысьць штучна.

80% галасоў у падтрымку Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах ужо сталіся такім раздражняльнікам, што самі ўлады імкнуцца ня ўзгадваць гэтую скандальную лічбу.

Вось адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў з патрабаваньнем спыніць гвалт у краіне набраў у канцы кастрычніка каля 1 тысячы подпісаў. Празь месяц зьявіўся ліст у падтрымку ўлады, які падпісалі 1100 спартоўцаў. Добраахвотна-прымусовыя мэтады далі нібыта большую колькасьць падпісантаў.

Калектыўны ліст ФПБ супраць санкцый на адрас ЭЗ падпісалі 1 млн 130 тыс. чалавек.

Ставіцца задача агламошыць вялізнай колькасьцю, стварыць бачнасьць большасьці.

Улады добра разумеюць усю штучнасьць такіх вынікаў, бо яны здабыты пад моцным прымусам. Навошта ім самім патрэбны гэтыя «пацёмкінскія вёскі»?

Улады кіруюцца наступнымі матывамі.

Гвалт, адміністратыўны ціск, камандныя мэтады — адзіны зразумелы Лукашэнку спосаб вырашэньня ўсіх эканамічных, сацыяльных і палітычных праблем. Ніякіх іншых сродкаў ён не разумее, псыхалягічна не прымае.

Вось, напрыклад, цікавы сюжэт: стаўленьне рэжыму да моладзі. Лукашэнка некалькі разоў прызнаваў, што ў працы ўладаў з маладымі людзьмі існуюць вялікія праблемы, іх не ўдаецца заваяваць на свой бок. І якія робяцца высновы?

Няма нават спробы неяк падстроіцца пад інтарэсы моладзі, размаўляць зь ёй адною моваю, перайсьці на іх хвалю, выкарыстаць тыя сродкі камунікацыі, якімі карыстаюцца маладыя людзі. Выснова робіцца абсалютна іншая. Маўляў, трэба пераканаць маладзёнаў у няслушнасьці іх пазыцыі, перавыхаваць, расказаць ім пра Вялікую Айчынную вайну, пра 1990-я гады. Пры гэтым найважнейшы элемэнт перавыхаваньня моладзі — прымус, рэпрэсіі: пагроза выключыць з унівэрсытэту, забраць у войска, пазбавіць стыпэндыі, інтэрнату і інш.

Увогуле, людзям, якія цяпер прымаюць рашэньні, здаецца, што вонкавая карцінка важнейшая за рэальнасьць. Стаўка робіцца на маўклівую ляяльнасьць, двудушша. Ня важна, што людзі насамрэч думаюць, важна, як гэта выглядае вонкава. Гэта ўсё ідзе ад савецкай спадчыны.

Ёсьць тут і пэўны рацыянальны чыньнік. Чалавек, які пад прымусам падпісвае патрэбны ўладам дакумэнт — маральна зламаны. Зь яго можна віць вяроўкі.

У пэрыяд стабільнасьці такія мэтады даюць пэўны эфэкт. А вось у пэрыяд палітычнага крызісу ўсё пачынае рассыпацца. Дзе былі БРСМ, «Белая Русь», ФПБ — фармальна самыя масавыя грамадзкія арганізацыі — у жніўні-верасьні 2020 году? Ніхто пра іх ня ўзгадваў. Яны проста нібыта зьніклі. Што лішні раз пацьвярджае выснову: на балота абапірацца нельга, нават калі яно і вялікае.

На сайце Ўсебеларускага народнага сходу праходзіць апытаньне: калі сьвяткаваць Дзень народнага адзінства? Ці 17 верасьня (у гэты дзень у 1939 г. Чырвоная армія ўступіла ў Заходнюю Беларусь), ці 14 лістапада (калі Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне аб прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад БССР)?

А некаторыя злыя языкі зь ліку «сьвядомых» маюць нахабства цьвердзіць, што, маўляў, у Беларусі няма дэмакратыі, выбараў. Вось і адказ зламысьнікам, якія плявузгаюць. Выбірайце, людзі. Разгул дэмакратыі па-беларуску.

У пытаньні з выбарам даты «Дня народнага адзінства» відавочны антыпольскі, увогуле — антызаходні кантэкст. Маўляў, аб’ядноўваемся ў змаганьні з уплывам з заходняга боку. І адначасова льём ваду на млын пакту Молатава-Рыбэнтропа, што павінна спадабацца Расеі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG