Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Галіны Сямдзянавай


Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у залю пасяджэньняў Вярхоўнага Савету Беларусі, 24 жніўня 1991
Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у залю пасяджэньняў Вярхоўнага Савету Беларусі, 24 жніўня 1991

Падзеі 28 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

28 лютага 1947 году нарадзілася Галіна Сямдзянава, палітык, сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі ХІІ скліканьня, удзельніца нацыянальнадэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава

Яе імя ў маёй памяці найперш зьвязанае з трыма падзеямі найноўшай беларускай гісторыі.

24 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, што сабралася пасьля правалу маскоўскага антыдэмакратычнага путчу, дэпутатка Галіна Сямдзянава заносіць у Авальную залю Дому ўраду, дзе праходзіць паседжаньне, бел-чырвона-белы сьцяг.

Празь некалькі гадзін яна зганяе з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі А. Малафеева, які падтрымаў пучыстаў. Камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету разгубілася.

Дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, а ўвечары на плошчы абдымаліся і цалаваліся тысячы шчасьлівых людзей: Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала канстытуцыйную сілу, Беларусь — незалежная!

Такія дні назаўсёды застаюцца ў гісторыі нацыі.

Ня згубіцца ў ёй і дзень 8 верасьня 1992-га. Тады, на чарговыя ўгодкі Аршанскай перамогі над маскоўскімі захопнікамі, тысячы беларусаў на чале з дэмакратычнымі дэпутатамі й сябрамі БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў — ужо на плошчы Незалежнасьці прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.

Галіна стаяла побач з Васілём Быкавым, старшынём БЗВ Міколам Статкевічам і гісторыкам Міхасём Ткачовым, і я бачыў на вачах у яе сьлёзы.

Яна нарадзілася ў сям’і савецкага афіцэра далёка ад Беларусі, скончыла інстытут у Куйбышаве, працавала ў абароннай прамысловасьці, а перад абраньнем у Вярхоўны Савет была на намэнклятурнай пасадзе старшыні Наваградзкага раённага камітэту народнага кантролю. Як згадвае адзін з кіраўнікоў парлямэнцкай апазыцыі Сяргей Навумчык, зрабіўшыся дэпутаткай, Сямдзянава перад першай сэсіяй крытычна ставілася да БНФ.

Калі імкненьне да справядлівасьці й разуменьне, за кім гістарычная праўда, лічыць фэномэнам, то тут мы маем справу якраз зь ім.

Зрабіўшы свой выбар, Галіна хутка аказалася ў шэрагу лідэраў незалежніцкай дэмакратычнай апазыцыі. Яна была суаўтаркай канцэпцыі пераходу рэспублікі да рынкавай эканомікі, удзельніцай распрацоўкі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Стала аўтаркаю заканадаўчых прапановаў, скіраваных на стварэньне Беларускай арміі.

Пра яе ўсё часьцей пачыналі гаварыць як пра магчымага міністра абароны.

Як старшыня Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртаньне» Галіна дапамагла зноў ступіць на родную зямлю больш чым чатыром тысячам нашых землякоў з пагонамі.

Да 2010-га, дзесяць вельмі нялёгкіх для Беларускага Народнага Фронту гадоў, Сямдзянава працавала ў кіраўніцтве партыі БНФ, у тым ліку палову гэтага часу — намесьніцай старшыні.

Над сталом міністра абароны нэўтральнай і бязьядравай, дэмакратычнай Беларусі (некалі на гэтую пасаду абавязкова прыйдзе жанчына) павінен вісець партрэт Галіны Сямдзянавай.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 614-615

Таксама ў гэты дзень

1468 — у Вялікім княстве Літоўскім прымаецца першы крымінальны кодэкс, так званы Судзебнік, які яшчэ называюць Статутам Казіміра. Напісаны ён быў на старабеларускай мове і спарадкаваў усе віды злачынстваў і пакараньняў.

1854 -заснаваная Рэспубліканская партыя ЗША.

1922 — Вялікая Брытанія прызнала незалежнасьць Эгіпта.

2013 — папа Бэнэдыкт XVI сышоў з пасады.

Папа Бэнэдыкт XVI, які сышоў у адстаўку, (зправа) разьвітваецца са сваім перамнікам папам Францыскам, 2013
Папа Бэнэдыкт XVI, які сышоў у адстаўку, (зправа) разьвітваецца са сваім перамнікам папам Францыскам, 2013

У гэты дзень нарадзіліся

1533 — Мішэль Мантэнь, францускі пісьменьнік і філёзаф.

Мішэль Мантэнь
Мішэль Мантэнь

1901 — Лайнус Карл Полінг, амэрыканскі хімік, ляўрэат дзьвюх Нобэлеўскіх прэміяў — прэміі па хіміі і прэміі міру.

1913 — Аляксей Шудзейка, дзеяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

1949 — Ібрагім Канапацкі, гісторык, грамадзкі дзеяч, адзін зь лідэраў татарскай грамады Беларусі.

У памяці

1616 — Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, вандроўнік.

Мікалай Крыштаф Радзівіл “Сіротка”
Мікалай Крыштаф Радзівіл “Сіротка”

1942 ― Канстанцін Пушкарэвіч, беларускі і расейскі славіст, літаратуразнаўца, пэдагог.

1942 ― Канстанцін Кернажыцкі, беларускі гісторык.

1985 ― Вадзім Жучкевіч, беларускі географ.

1986 — Улаф Пальме, прэм’ер-міністар Швэцыі (забіты).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG