Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарцы Гомля, якая атрымала 75 сутак арышту, дадалі яшчэ 15 сутак


Пікет з нацыянальнымі сьцягамі ў Навабеліцкім раёне Гомля. 2020 год

25 лютага ў судзе Навабеліцкага раёну адбыўся чарговы суд па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у дачыненьні да 30-гадовай Анастасіі Перавошчыкавай. Дагэтуль ёй прысудзілі 75 сутак арышту.

Сёньня яе маці даведалася, што дачку зноў вязуць з ізалятара часовага ўтрыманьня на суд. Судзіў жанчыну судзьдзя Аляксандар Зінчук.

«Быў чарговы суд. Усё зноў пашыта белымі ніткамі. Нібыта ці 24, ці 25 сьнежня Насьця недзе сфатаграфавалася са сьцягам. Але яна дакладна нікуды не выходзіла. Мы пратэстанты і ў гэтыя дні сьвяткавалі Раство. Адвакат падавала хадайніцтва, што калі гэта было ці 23 ці 24 — як яны самі пішуць, міліцыянты, і ня ведаюць — калі менавіта, то сышлі тэрміны прыцягненьня да адказнасьці. Але судзьдзя адхіліў хадайніцтва», — зазначыла маці.

Яна кажа, што дачка трымалася годна, спакойна. «Відаць, што яна стомленая... Тым больш ні перадачы нармальна не прымаюць, ні паперу для лістоў не перадаюць, ні самі лісты... Яна мне напісала ліст на адной чацьвёртай нейкага аркуша. Хоць я ёй перадавала паперу для лістоў», — кажа Алена.

Яна не разумее прычын такой жорсткасьці да яе дачкі з боку супрацоўнікаў Навабеліцкага РАУС.

«Мне міліцыянт з Навабеліцкага РАУС заявіў, што „больш няма на каго вешаць, апроч яе, бо ў некаторых дзеці, у іншых — інваліднасьць, а іншыя зьехалі за мяжу“. Так ён патлумачыў раней мне тое, што Насьцю чарговы раз пакаралі арыштам. Сёньня я яму нагадала ягонае „слова афіцэра“, што дачку адпусьцяць, калі знойдуць сьцяг. Сьцяг знайшлі, а дачка — на сутках зноў. На мае словы ён нічога не адказаў», — расказала Алена.

Анастасію судзяць, паводле маці, за нейкія здымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам і праз паказаньні чалавека, які сьцьвярджае, што дзяўчына ўдзельнічала ў «партызанінгу».

«У мяне дома і ў дзеда Насьці, вэтэрана, праводзілі ператрусы. 6 лютага дачка выйшла зь першых 15 сутак, а 8 лютага яе зноў забралі, і з таго часу толькі дадаюць чарговыя суткі! Яе дапытвалі ў міліцыі: „Каго ты ведаеш, дай паказаньні на іншых, здай раённы сьцяг“. Але калі яна ня ведае, дзе сьцяг; калі яна ня ведае, хто тыя людзі, якія стаялі са сьцягамі? Яна ня можа здаць людзей міліцыянту, бо ня ведае іх, а ён злуецца! І дае чарговыя „суткі“», — кажа маці.

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG