Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень народзінаў Надзеі Дземідовіч і Рыгора Барадуліна


Надзея Дземідовіч, 2014.
Надзея Дземідовіч, 2014.

Падзеі 24 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Даты дня

24 лютага 1926 на Слонімшчыне нарадзілася Надзея Дземідовіч — удзельніца паваеннага антысавецкага супраціву, зьняволеная ГУЛАГу.

«У „Архіпэлягу ГУЛАГу“ Аляксандра Салжаніцына ёсьць разьдзел „Сорак дзён Кенгіру“, прысьвечаны паўстаньню вязьняў Кенгірскага лягеру, што выбухнула ў1954-м. У змаганьні даведзеных да роспачы зьняволеных брала ўдзел шмат беларусаў.

Падчас разгрому бясстрашнага выступу загінула болей за сямсот раздушаных танкамі і расстраляных вязьняў. Калі каты пашыхтавалі ацалелых на пераклічку, Надзея ў адказ на сваё прозьвішча крыкнула: „Далоў берыеўскае беззаконьне!“

Непакорлівую Надзею, асуджаную ў 1949-м за антысавецкую дзейнасьць на 25 гадоў няволі, этапавалі на Поўнач у Тайшэцкія лягеры. Яна вызвалілася ў 1956-м (важыла ўсяго сорак кіляграмаў), але так і не была рэабілітаваная.

За часамі нямецкай акупацыі Надзея вучылася ў Слонімскай беларускай гімназіі, як і многія раўналеткі, уступіла ў Саюз беларускай моладзі. „Мы хацелі, — згадвала яна, — жыць у роднай беларускай дзяржаве, працаваць на свой народ, а не на чужынцаў, пакінуць для дзяцей і ўнукаў гэтую зямлю лепшай“.

За такія летуценьні органы шукалі, арыштоўвалі і судзілі сяброў СБМ па ўсім савецкім раі. Надзеі ўдавалася заставацца на волі пяць гадоў, але і пераезд у далёкі Петрапаўлаўск не ўратаваў яе. На допытах маладую беларуску білі да непрытомнасьці, катавалі электратокам, але яна не назвала ніводнага імя іншых „злачынцаў“».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020, с.752-763


24 лютага 1935 году на Вушаччыне нарадзіўся Рыгор Барадулін. Барадулін — апошні літаратар, якому надалі званьне Народнага паэта Беларусі (у 1992 годзе). У 2006 годзе Рыгор Барадулін быў намінаваны на Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».



«Уладзімер Някляеў у прадмове да адной з апошніх прыжыцьцёвых кніг майстра даў яму бліскучую,на мой погляд, характарыстыку: «Роўных Рыгору Барадуліну няма сярод сучасьнікаў. Хрышчоны ў вуніяцтве, ён называе сябе крывічом і кшчоным паганцам. Называе нездарма, бо ўвабраў у сябе жыцьцядайны крывіцкі дух, удыхнуўшы зь ім усю нашу мову. Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа цудам, якім сама мова існуе ў пабураным — або дасюль ня створаным — беларускім сьвеце».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. с.658-659

Таксама ў гэты дзень

1582 — папа Рыгор ХІІІ выдаў булу аб пераходзе зь юльянскага календара на новы, які пасьля атрымаў назву грыгарыянскага. Паводле булы новы каляндар уступіў у дзеяньне 4 кастрычніка 1582 году, пасьля чаго наступіла адразу 15 кастрычніка.

1918 — Эстонія абвясьціла сваю незалежнасьць.

1942 — Пачалося вяшчаньне радыёстанцыі «Голас Амэрыкі»

У гэты дзень нарадзіліся

1786Вільгельм Грым, нямецкі казачнік, малодшы брат Якаба Грыма.

1902Янка Геніюш, мастак, вязень ГУЛАГу.

Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе. Ларыса Геніюш
Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе. Ларыса Геніюш

«Дзядзька Янка быў ня проста мужам Ларысы Геніюш, як некаму ўяўляецца. Гэта ён першы даў ёй беларускія кнігі, чытаў нарачонай вершы Купалы, адкрываў ёй вочы на нашую гісторыю.

Прайсьці па жыцьці побач з такой жанчынаю таксама было своеасаблівым подзьвігам, на які здатны ня кожны.

Ларыса Антонаўна па-хрысьціянску даравала мужу тое, што пры канцы вайны ён вырашыў застацца ў Празе, мяркуючы, што Чэхаславаччына і далей будзе незалежнай дзяржавай i ня выдасьць iхнюю сям’ю саветам.

Гэтая аблуда каштавала Ларысе й Янку прысудаў на 25 гадоў канцлягераў кожнаму, каштавала разлукі з малым сынам, нечалавечых зьдзекаў, асабліва пакутлівых для іх, людзей ужо звыклых да эўрапейскіх жыцьцёвых стандартаў і свабодаў».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, 2020. С. 322-323

1955Стыў Джобс, заснавальнік кампаніі Apple.

У памяці

1922 — у Вільні памёр Ядвігін Ш., беларускі празаік, драматург і публіцыст. Ядвігін Ш. лічыцца адным з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.


1925 — памёр Карл Яльмар Брантынг, першы прэм’ер-міністар Швэцыі.

2001 — памёр Клод Шэнан, амэрыканскі матэматык і інжынэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG