Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На гэты момант будынак захоплены». Што з царквой «Новае жыцьцё»


Будынак царквы «Новае жыцьцё», Менск

Пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё», што на вуліцы Кавалёва, 72, узялі пад ахову супрацоўнікі міліцыі. У будынак дазволена ўваходзіць толькі прадстаўнікам ЖРЭА.

У будынку царквы дзьверы зачыненыя знутры, там дзяжурыць супрацоўнік міліцыі. На дзьвярах сьляды прымусовага ўскрыцьця, ніжэй — новы замок. З коміна ідзе дым. Міліцыянт, які адчыніў дзьверы, сказаў, што ў будынак пускаюць толькі супрацоўнікаў ЖРЭА Маскоўскага раёну.

Адміністратар царквы «Новае жыцьцё» патлумачыў праз тэлефон, што цяперашнія гаспадары будынку па просьбе вернікаў ацяпляюць памяшканьне іх дровамі, каб батарэі не замерзьлі.

«На гэты момант будынак захоплены, адбылося гэта 17 лютага аб 11 гадзіне. Частку маёмасьці людзі змаглі ўратаваць, вывезьлі ў бясьпечнае месца. Частка маёмасьці засталася там, і, у прынцыпе, мы маем да яе доступ, можам яе забіраць», — кажа адміністратар царквы Віталь.

Што адбылося?

17 лютага царкву «Новае жыцьцё», якая аб’ядноўвае больш за паўтары тысячы чалавек, прымусова выселілі зь яе будынка. Падчас сумеснай малітвы да царквы пад’ехалі 6 міліцэйскіх машын, зь якіх выйшлі 20 міліцыянтаў. Тут жа былі судовыя выканаўцы і прадстаўнікі ЖРЭА. Яны расьпілавалі замкі пілой-баўгаркай, узламалі мэталічныя дзьверы. Вернікаў пад пагрозай арышту і штрафаў вымусілі пакінуць будынак.

У мінулую нядзелю каля пяцісот вернікаў правялі набажэнства пад адкрытым небам на паркоўцы каля царквы.

«Што будзе далей, мы пакуль ня ведаем», — кажа адміністратар царквы.

24 лютага пастар Вячаслаў Ганчарэнка ідзе на прыём да намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Арцёма Цурана. Вернікі спадзяюцца, што на гэтай сустрэчы будзе знойдзена выйсьце зь цяперашняй сытуацыі.

«Мы спадзяёмся, што будзе знойдзена нейкае рашэньне шляхам перамоваў і ўсё вырашыцца мірна, бо ўсе хочуць міру, — кажа адміністратар. — Мы царква, у нас няма палітычных лёзунгаў, мы проста хочам маліцца, выконваць місію, якую Госпад на нас усклаў. Маліцца, дапамагаць бедным, ладзіць дабрачынныя праекты».

Вернікі спадзяюцца, што ўлады ім дазволяць пабудаваць новую царкву, якая ўпрыгожыць горад.

Гісторыя змаганьня з «Новым жыцьцём»

У 2001 годзе вернікі зьвярнуліся ў Менгарвыканкам з просьбай выдзеліць пляц пад будоўлю царквы. Аднак улады адмовілі, бо да 2010 году, маўляў, усе ўчасткі зарэзэрваваныя.

У 2002 годзе царква «Новае жыцьцё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку Менску і адрамантавала яго. Для абслугоўваньня будынку ёй выдзелілі зямельны ўчастак.

Улады адмаўлялі царкве ў арэндзе памяшканьняў для набажэнстваў. Так з 2004 году вернікі пачалі маліцца ў былым кароўніку.

У 2005-м Менгарвыканкам пазбавіў рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова. Суд вынес прадпісаньне аб высяленьні царквы зь яе будынку.

У знак нязгоды з такімі рашэньнямі ўладаў у 2006 годзе вернікі правялі 23-дзённую галадоўку-пост, якая выклікала рэзананс за мяжой і ўнутры краіны.

У 2009 годзе суд пазбавіў суполку права ўласнасьці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72 «за нямэтавае выкарыстаньне».

Цяперашні ўласьнік будынку, ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, ня раз зьвяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваньнем прымусіць царкву «Новае жыцьцё» вызваліць памяшканьне.

Як стала вядома ў 2019 годзе, згодна з новым плянам забудовы раёну на месцы царквы нібыта вырашана пабудаваць школу з басэйнам.

«Нас практычна выселілі на сьнег»

3 2015 па 2020 год царква «Новае жыцьцё» працягвала перамовы зь Менгарвыканкамам, ёй абяцалі выдзеліць новы ўчастак. Але ў ліпені мінулага году царква зноў атрымала ліст аб высяленьні 31 сьнежня. Аднак вернікі ня выселіліся, бо ня маюць іншага памяшканьня.

«Нам не было куды ісьці, мы заставаліся ў будынку і праводзілі набажэнствы. Гэта цягнулася ўсе апошнія гады да 17 лютага, калі яны наважыліся на сілавы захоп, сьпілавалі мэталічныя замкі і праніклі ў будынак, дзе ў той момант знаходзілася каля 60 чалавек, яны маліліся. Усіх папрасілі выйсьці, а хто ня выйдзе, той, маўляў, паедзе на суткі. Мы сказалі людзям, каб выходзілі, будынак быў захоплены», — кажа адміністратар Віталь.

Як цяпер вернікі ладзяць набажэнствы?

«У першую нядзелю, пасьля таго як засталіся без будынку, мы правялі набажэнства на паркоўцы каля царквы, — кажа адміністратар. — Нам няма куды ісьці, нас практычна выселілі на сьнег. Таму, хутчэй за ўсё, будзем праводзіць набажэнствы там жа, на сьнезе», — тлумачыць ён.

«Цягам 26 гадоў адбываюцца такія рэйдэрскія захопы»

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч належыць да іншай царквы. 15 гадоў таму ён браў удзел у посьце-галадоўцы ў абарону царквы «Новае жыцьцё», галадаваў 23 дні.

«У той час, пасьля разгону Плошчы, пасьля спадзяваньняў, якія не збыліся, у краіне і грамадзтве была апатыя. І на гэтым фоне паўстала пытаньне барацьбы за будынак былога кароўніка, пераабсталяванага пад царкву. На фоне апатыі пост-галадоўка, гэтая барацьба сталася значнай грамадзкай падзеяй, — кажа Ўладзімер Мацкевіч. — Яе падтрымалі ня толькі пратэстанты, але каталікі і праваслаўныя, гэта мела розгалас па ўсім сьвеце. Гэтае паўстаньне царквы і ўся гэтая барацьба вельмі натхніла грамадзянскую супольнасьць».

Паводле Мацкевіча, група родзічаў галадоўнікаў недзе на 23-ы дзень пайшла ў Міністэрства аховы здароўя, але чыноўнікі ад іх разьбегліся. Потым яны накіраваліся ў Менгарвыканкам, дзе арыштавалі, а потым судзілі, сярод іншых, жонку Ўладзімера Мацкевіча.

«Гэтае паўстаньне вырашыла сытуацыю, гэта была вельмі важная акцыя, каб перапыніць апатыю, дэпрэсію. Цяпер сытуацыя іншая: застой у нашай рэвалюцыі, але яна працягваецца, змаганьне і барацьба ідзе паўсюль, — кажа Ўладзімер Мацкевіч. — Канечне, трэба і цяпер падтрымаць царкву „Новае жыцьцё“, гэта вельмі актыўная і ўплывовая царква. Але гэта адзін з пунктаў барацьбы».

Уладзімер Мацкевіч зьвязвае ўзмацненьне ціску на царкву «Новае жыцьцё» з тым, што нехта спадзяецца завалодаць участкам зямлі, на якім цяпер знаходзіцца будынак.

«Нейкай структуры прыкарытнага бізнэсу вельмі была патрэбная гэтая тэрыторыя раней, і, відаць, яны захавалі да яе інтарэс, каб разгарнуць там нейкую будоўлю. Дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць улады, рэжым. Тады царкве ўдалося выстаяць. Цяпер „прыкарытнікі“ вырашылі, што „пад шумок“ можна адцяпаць кавалак зямлі. Ужо цягам 26 гадоў рэжыму адбываюцца вось такія рэйдэрскія захопы», — кажа мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG