Пра гэта ў часопісе Journal of Archaeological Science паведаміла каманда археолягаў і лінгвістаў з Чэхіі, Швайцарыі, Аўстрыі і Аўстраліі.
— Гэта вялікае адкрыцьцё ня толькі нацыянальнага, але і эўрапейскага значэньня. Славянскімі мовамі карыстаюцца больш за 300 мільёнаў чалавек. Важна высьветліць, калі і якое пісьмо нашы продкі выкарысталі ўпершыню ў сваёй гісторыі», — падкрэсьліў у інтэрвію СМІ прафэсар Іржы Махачэк з Інстытуту археалёгіі і музэялёгіі Ўнівэрсытэту імя Масарыка ў Брне.
Чэскія археолягі знайшлі костку з рунамі ў 2017 годзе ў вёсцы Ланы каля Бржэцлава на поўдні Маравіі, у рэштках раньнеславянскага паселішча з VI стагодзьдзя.
Прафэсар Робэрт Нэдома, экспэрт у германскіх мовах зь Венскага ўнівэрсытэту, ідэнтыфікаваў знакі на костцы як руны, напісаныя на Fugark Elder — найстаражытнейшым рунічным альфабэце, які выкарыстоўваўся з II па VII стагодзьдзе нямецкамоўнымі жыхарамі Цэнтральнай Эўропы.
Прафэсар Махачэк тлумачыць, што археолягі звычайна знаходзілі косткі ці іншыя прадметы з рунамі на могілках франкаў, алеманаў і вікінгаў.
— Мы выявілі іх у славянскім паселішчы ў Паўднёвай Маравіі. Гэта першая такая знаходка ў ненямецкім кантэксьце, — падкрэсьліў Махачэк, адзначаючы пры гэтым, што знойдзены археолягамі артэфакт асабліва загадкавы, паколькі, паводле папярэдніх гістарычных ведаў, славяне не выкарыстоўвалі ніякага пісьма да IX стагодзьдзя.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com