Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маім прэзыдэнтам быў Лукашэнка». Што гавораць людзі, якія зьмянілі сваю пазыцыю пасьля лета-2020


Падчас пікету для збору подпісаў за Лукашэнку. 5 чэрвеня 2020

Гэтыя людзі амаль усё жыцьцё падтрымлівалі Лукашэнку. Яны расказваюць, чаму рабілі такі выбар і як зьмяніліся іх думкі пасьля леташніх падзей.

«Як быццам хтосьці, каму ты прасавала кашулі, аказаўся Чыкацілам». Гісторыя Кацярыны

Упершыню Кацярына галасавала ў 2006-м. Яна вучылася ва Ўнівэрсытэце культуры, калі студэнтаў адвялі групкай на датэрміновае галасаваньне і далі за гэта два выходныя. Каця кажа, што тады ёй было ня важна, за каго галасаваць, а цяпер яна вельмі шкадуе.

«Лукашэнка як прэзыдэнт мяне, напэўна, задавальняў. Я з малога гораду і зь вельмі простай сям’і. Я разважала так: вось я добра вучылася і змагла паступіць ва ўнівэрсытэт, вось скончыла і пайшла працаваць, потым нарадзіла дзіця, атрымала яшчэ адну адукацыю і адкрыла з мужам уласны бізнэс. Ці дрэнна я жыву? Добра. Ніхто мне нічога не павінен. Ні дзяржава, ні хто іншы. Якасьць майго жыцьця — гэта толькі маіх рук справа».

Дзяўчына прызнаецца, што не разумела людзей, якія скардзіліся, як дрэнна жывецца ў Беларусі.

«Калі па вясьне ў суседніх краінах быў карантын, я памятаю, як мужу сказала: „Я, напэўна, пайду галасаваць за Лукашэнку. Бо тое, што ён пайшоў на вялікую рызыку і ня ўвёў карантыну — гэта ўчынак моцнага і адказнага кіраўніка краіны. Для мяне замарозіць бізнэс на месяц-два — гэта стаць на калені“. Муж пагадзіўся. І так, я, наіўная, верыла АНТ».

Рабочыя мацуюць дзяржаўны герб побач з Нацыянальным аэрапортам, 29 студзеня 2020
Рабочыя мацуюць дзяржаўны герб побач з Нацыянальным аэрапортам, 29 студзеня 2020

Вясной Кацярына не паставіла подпісу ў падтрымку ніводнага кандыдата.

«Маім прэзыдэнтам быў Лукашэнка. Мне цяпер сорамна. Але як ёсьць. Мяне не цікавіла, што ў 2006–2010 былі жорсткія разгоны і зьнікалі людзі... Можа, таму, што малая яшчэ была. І, акрамя ўласных турбот, мяне мала што цікавіла. Але сёньня я прашу прабачэньня ў кожнага, хто падстаўляў тады свае сьпіны пад дубінкі. Калі б можна было адматаць назад, я б стаяла побач».

Калі ж пачалі затрымліваць і «прыбіраць» альтэрнатыўных кандыдатаў, якія былі на віду, Кацярына пачала прыглядацца і прыслухоўвацца. Прызнаецца, што было адчуваньне нейкай дэзарыентаванасьці.

«А 9-га жніўня пазл склаўся. Абрубілі інтэрнэт, і гэта мяне абурыла. Мы вярталіся з дачы, каб пасьпець на выбары, і па дарозе спыніліся на запраўцы. Там было людзей у некалькі разоў больш, чым звычайна. Пакуль стаялі ў чарзе адзін хлопец убачыў свайго знаёмага і кажа яму: „Вось галасаваць еду“. А той яму адказвае: „І я еду“. А потым хтосьці побач сказаў: „І я еду“. І яшчэ, і яшчэ... я таксама сказала. А потым незнаёмыя людзі на запраўцы на трасе М1 проста пачалі пляскаць у далоні і сьвісьцець, быццам сьвята, нейкае шчасьце і надзея. Гэта было як у кіно. Я плакала. Прыехала дадому і проста бінтам зрабіла сабе белы „бранзалет“».

Кацярына кажа, што калі яны з мужам стаялі, каб прагаласаваць, амаль усе ў чарзе былі зь нечым белым на запясьцях. І калі яна прыйшла дамоў і ўключыла тэлевізар, была вельмі абураная, бо такіх людзей у чэргах, як яна сама, назвалі «масоўкай, купленай апазыцыяй».

Чарга на выбарчы ўчастак у раёне Новая Баравая пад Менскам. 9 жніўня
Чарга на выбарчы ўчастак у раёне Новая Баравая пад Менскам. 9 жніўня

«Я жыву ў гэтым раёне амаль 10 год. Я ведаю ў твар 70% гэтай чаргі. Якая масоўка? Я ў гэтай чарзе. А потым яны сказалі пра папярэднія „каля 80%“. Мяне гэта падарвала проста. Сказала мужу, што пайду да школы чакаць пратакол. Мы да гадзіны ночы стаялі. Камісію вывелі зь міліцыяй, але пратаколу не паказалі».

Далейшыя падзеі даліся Кацярыне цяжка.

«Была нейкая „хірасіма“ ўнутры. Ні есьці, ні спаць, ні працаваць. Я ня ведала, што рабіць. Проста езьдзіла і сыгналіла. Калі гудок ламаўся, то кідала машыну і проста стаяла на вуліцы. Хацелася проста выць, як паранены зьвер. Мае вочы бачылі шмат у гэтыя дні. Бачыла, як АМАП жорстка біў людзей, як стралялі і білі машыны. Ніколі не забудуся дзядзьку на прыпынку, які чакаў транспарту. Гадоў пад 60, паўнаваты. Наляцеў АМАП, ён спужаўся і стаў на калені, рукі за галаву, каб ня білі. Гэтыя ж утрох дубасілі і пасьля, як мяшок, па зямлі павалаклі ў бус».

Менск, 10 жніўня 2020
Менск, 10 жніўня 2020

Жанчына прызнаецца, што гэтыя падзеі сталі для яе сапраўднай трагедыяй. Адчувала, быццам ёй здрадзілі.

«Я верыла, падтрымлівала, спрачалася са знаёмымі, давярала ТАКОЙ уладзе? Як быццам хтосьці, каму ты прасавала кашулі, аказаўся Чыкацілам. Я і ўявіць сабе не магла, што ён такі чалавек».

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Каця цалкам зьмяніла свой пункт гледжаньня.

«Ці ня страшна мне? Страшна. Але як можна маўчаць? Як можна не стаяць да канца, каб абараніць „плошчу Перамен“? Як можна было не стаяць у жаночым „ланцугу“ па 11 гадзін, калі побач ужо 6 гадзін стаіць на нагах бабулечка гадоў 70. Як? Як заставацца дома, калі майго сябра схапілі ў нядзелю па дарозе ў аптэку па гарачкапаніжальнае для аднагадовай дачкі і адпусьцілі толькі праз 15 дзён усяго сіняга? Гэта як? Столькі сьлёз я не пралівала ніколі».

Таксама пратэсты натхнілі жанчыну размаўляць па-беларуску. Кацярына лічыць, што цяпер хоць і жорсткі і несправядлівы, але найлепшы час для беларусаў, каб зразумець, хто яны ёсьць.

«Прычыны таго, што адбываецца сёньня, мне бачацца больш глыбокімі. І праблема ня толькі ў Лукашэнку. Яна і ў нас саміх. Мне здаецца, што трэба кожнаму шчыра адказаць сабе на пытаньне, які ягоны сьцяг: „бело-красно-белый“ ці „бел-чырвона-белы“. „Живёт Беларусь“ ці „Жыве Беларусь!“. Я сабе на гэтае пытаньне адказала. І таму 33 гады „говорила“, а цяпер „размаўляю“ і кожны дзень чую словы падтрымкі і падзякі ад незнаёмых людзей».

Пратэстоўцы падчас нядзельнага маршу на праспекце Незалежнасьці ў Менску. На дарозе надпіс «3%». 27 верасьня 2020
Пратэстоўцы падчас нядзельнага маршу на праспекце Незалежнасьці ў Менску. На дарозе надпіс «3%». 27 верасьня 2020

Кацярына верыць, што ўсё вырашыцца намаганьнямі людзей.

«Лёс Беларусі як краіны вырашаць ня нам. Але лёс беларусаў як народу выбіраць толькі нам. І калі нашы карані нам удасца ўратаваць, то наша дрэва зусім хутка пойдзе расьці ўгору і пачне пладаносіць. А мы будзем ганарыцца тым, што нам, беларусам, хапіла розуму і сумленьня застацца сабой. А ня стаць бязьлікай калёніяй «вялікага брата».

«Я супраць таго, што людзей судзяць паводле фальшывых артыкулаў з ілжывымі сьведкамі». Гісторыя Сьвятланы

Сьвятлана галасавала за Лукашэнку на ўсіх выбарах, акрамя самых першых, бо тады не падыходзіла па ўзросьце.

Лукашэнка на выбарчым участку ў 2015 годзе
Лукашэнка на выбарчым участку ў 2015 годзе

«Калі галасавала ўпершыню, на той момант асабіста мяне ўсё задавальняла: нармальны прэзыдэнт у нармальнай краіне. Яшчэ вельмі бацькі аказвалі ціск, казалі, што пакуль яго не было, быў разгром, хабарніцтва, і вось зь ягоным прыходам усё памянялася ў лепшы бок, у краіне навёў парадак».

Жанчына кажа, што на яе выбар паўплывала жыцьцёвая гісторыя паездкі ва Ўкраіну, калі яе з мужам і малым дзіцем падманулі і «кінулі» на грошы. Пасьля гэтага жанчына вырашыла, што ў Беларусі сапраўды большы парадак і больш бясьпечна. Яна зьвязала гэта зь дзейнай уладай і стала ўвесь час галасаваць за Лукашэнку.

«Я ўвесь час была па-за палітыкай, хоць служыла ў органах 7 гадоў. Калі сышла, выразна зразумела, што ва ўсім нядобрым я не магу вінаваціць аднаго чалавека. Я разумею, што маё жыцьцё залежыць ад мяне. Усё неяк ішло па наежджанай каляіне, і ў гэты апошні раз я нават не глядзела, якія прэтэндэнты. Прыйшлі на выбары, і я разумела, што быццам і ня так дрэнна ў краіне. І я прагаласавала за Лукашэнку».

Жанчына прызнаецца, што калі ў Беларусі раней праходзілі такія гвалтоўныя задушэньні пратэстаў, на яе моцна ўплывалі афіцыйныя СМІ.

«Марш новай Беларусі». Менск, 23 жніўня 2020
«Марш новай Беларусі». Менск, 23 жніўня 2020

«Нам паказвалі, што гэта наркаманы, ненармальныя, невядома адкуль панаехалі і робяць, што хочуць. Я, як і мае бацькі, верыла, што гэта так. Здавалася, што адбываецца нешта незразумелае. І ў гэты раз я для сябе разумела, што будуць пратэсты. Мае дзеці, якія жывуць у Менску, казалі: „Не хвалюйцеся, усё будзе добра“. Вось я і думала, што ўсё пройдзе мірна».

Калі пачалі зьяўляцца факты гвалту з боку сілавікоў, Сьвятлана доўга не магла даць веры, што гэта праўда.

«Я сама служыла ў органах, я разумею, што нават паглядзець дрэнна не магу на чалавека, ня тое што зрабіць яму нешта. Я дакладна ведала, што гэтага нельга. І калі раптам адбылося ўсё летам, я вельмі доўга ня верыла, калі казалі пра зьбіваньне, зьдзекі. Я думала, што нешта ня так, нешта перабольшана. Але калі ўсё вельмі масава выйшла на сьвятло, у галаве ня ўкладвалася. Як так? Як гэта ўвогуле можа адбывацца? Адкуль? Хто дазволіў? — абураецца жанчына. — І самае страшнае, што абароны шукаць няма дзе. Адбываецца такі гвалт, беззаконьне і самавольства ад сілавых структур. Мне незразумела, зь якой прычыны людзі ня могуць выказваць сваю думку».

Сьвятлана кажа, што ў яе сяброў і сваякоў погляды наконт палітычнай сытуацыі ў краіне разыходзяцца, і гэта зусім нармальна. Жанчыну пужае, што грамадзтва моцна расколатае. Яна непакоіцца, што гэта можа прывесьці да вайны.

Людзі, якія празь вялікую чаргу не змаглі трапіць на перадвыбарчы пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Слоніме, назіраюць за яе выступам праз шчыліны ў агароджы футбольнага стадыёну. 1 жніўня 2020
Людзі, якія празь вялікую чаргу не змаглі трапіць на перадвыбарчы пікет кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Слоніме, назіраюць за яе выступам праз шчыліны ў агароджы футбольнага стадыёну. 1 жніўня 2020

«Мне вельмі падабалася, калі на пратэстах людзі стаялі і зь бел-чырвона-белымі, і з чырвона-зялёнымі сьцягамі, каб паказаць, што мы адзін народ і ні ў якім разе не дазволіць камусьці нас раскалоць на дзьве часткі, гэтага ня трэба. Пры любой уладзе будуць незадаволеныя, але гэта ня варта таго, каб пляваць адно ў аднаго, цяпер трэба дапамагаць адно аднаму».

У цывілізаваных краінах пратэсты праходзяць па-іншаму, а ў Беларусі людзі за сваю пазыцыю гінуць у мірны час, кажа Сьвятлана.

«Ужо стала вельмі зразумелым, што нешта ня так. Напэўна, цяпер вырасла іншае пакаленьне, якое хоча жыць па-іншаму і ўсё бачыць па-іншаму. Якое ня згодна трываць, як мы: „можа, так і трэба“. А маладыя людзі ня згодныя, і іхную думку таксама трэба ўлічваць, бо гэта наша будучыня, ім жыць тут далей».

12 жніўня 2020 каля 200 мэдработнікаў у Менску выйшлі на акцыю пратэсту супраць гвалту сілавікоў падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік і прапанаваў паразмаўляць унутры актавай залі мэдычнага ўнівэрсытэту. Але мэдыкі адмовіліся, сказаўшы: «Размаўляйце з намі тут і цяпер». Пасьля акцыі салідарнасьці мэдыкаў затрымалі рэаніматоляга шпіталя хуткай дапамогі
12 жніўня 2020 каля 200 мэдработнікаў у Менску выйшлі на акцыю пратэсту супраць гвалту сілавікоў падчас акцыяў пратэсту ў Беларусі. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік і прапанаваў паразмаўляць унутры актавай залі мэдычнага ўнівэрсытэту. Але мэдыкі адмовіліся, сказаўшы: «Размаўляйце з намі тут і цяпер». Пасьля акцыі салідарнасьці мэдыкаў затрымалі рэаніматоляга шпіталя хуткай дапамогі

Жанчына кажа, што ёй вельмі страшна ад таго, што калі ў нашай краіне ты ідзеш на плошчу, ты мусіш быць гатовы, што ня вернесься або вернесься пакалечаны.

«Я разумею, што я супраць гвалту і беззаконьня, супраць таго, што людзей судзяць паводле фальшывых артыкулаў з ілжывымі сьведкамі. Я супраць гэтага абсалютна. Але цяпер я разумею, што магу толькі дапамагаць па-чалавечы тым людзям, якія сьмелыя і выходзяць. Не таму што я „ай, пасяджу-пачакаю“. А таму, што, пабыўшы ў гэтай сыстэме, я дакладна ведаю, што сыстэма ня здасца. Трэба будзе мяняць абсалютна ўсё. Але якім чынам гэта зрабіць, я ня ведаю».

Калі б цяпер правялі выбары, Сьвятлана кажа, што старалася б разабрацца і прагаласаваць іначай.

«Гэта рэальна страшна, калі ва ўласнай краіне ты адчуваеш сябе бездапаможным і безабаронным. Я не лунаю ў ілюзіях, у мяне эканамічная адукацыя, і я разумею — сьветлая будучыня без Лукашэнкі рэзка не наступіць, так склаліся ў сьвеце абставіны, што цяжка будзе ў любым выпадку. Таму трэба закасаць рукавы і шмат-шмат рабіць для сябе, для родных, для краіны. Але я супраць самавольства і беззаконьня, таму што гэта стала настолькі відавочна і адкрыта, што гэта проста жудасна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG