Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст сайту «Першы рэгіён» заявіў, што пакуль ён пад хатнім арыштам, нехта карыстаецца ягонымі сацсеткамі


Сяргей Гардзіевіч зь міліцыянтам
Сяргей Гардзіевіч зь міліцыянтам

Карэспандэнт парталу «Першы рэгіён» Сяргей Гардзіевіч, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, зьвярнуўся ў сьледчыя органы ў сувязі з публікацыяй у інтэрнэце запісаў зь яго акаўнта.

Сяргей Гардзіевіч паведаміў пра зьяўленьне допісаў на яго старонцы ў той час, калі яму забаронена карыстацца сродкамі сувязі, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

З асабістай старонкі журналіста ў «Фэйсбуку» хтосьці заходзіў у інтэрнэт. Сама старонка зарэгістраваная з выкарыстаньнем нумару мабільнага тэлефону, які цяпер знаходзіцца ў Драгічынскім райаддзеле Сьледчага камітэту.

Гардзіевіч, у якога прайшлі мінімум тры ператрусы, знаходзіцца пад хатнім арыштам з 25 сьнежня. 22 сьнежня яго затрымліваў АМАП, а яго тэлефон некалькі разоў адпраўлялі на экспэртызу. У апошні дзень мінулага года яму прад’явілі абвінавачаньне па арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта). Падставай стала паведамленьне, якое нібыта зьявілася ў верасьні ў папулярнай суполцы «Рэальны Драгічын» у Viber.

12 лютага ў кватэру журналіста ў Драгічыне зноў прыехалі сілавікі і канфіскавалі хатні мадэм і мабільны тэлефон жонкі карэспандэнта. Забралі яшчэ і новы тэлефон, які куплялі ў растэрміноўку, і якім наогул яшчэ не карысталіся. Калі Сьвятлана Гардзіевіч паспрабавала аспрэчыць такія дзеяньні, сілавікі пачалі пагражаць жанчыне прыцягненьнем да адказнасьці за «непадпарадкаваньне міліцыі».

Тэрмін хатняга арышту журналіста мінае 22 лютага. Ён не дае паказаньняў і не прызнае сябе вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства. Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Гардзіевіча палітвязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG