Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста анархісцкага руху асудзілі на тры гады «хіміі» за пратэсты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Суд Савецкага раёну 19 лютага асудзіў 18-гадовага актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага на тры гады так званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Хлопца вызваляюць у залі суду, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Красоўскага прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і абвінавацілі ў перакрыцьці дарог у ноч з 10 на 11 жніўня каля менскага ўнівэрсаму «Рыга», што пацягнула за сабой шкоду «Менсктрансу» на суму больш як 5,6 тысячы рублёў.

На судзе стала вядома, што тэлефон хлопца праслухоўваўся яшчэ з 3 сакавіка 2020 году, менавіта тэлефонныя размовы з акцыі пратэсту і леглі ў аснову абвінавачаньня Івана.

Справу палітвязьня разглядала судзьдзя Марына Фёдарава.

Хлопца затрымалі першы раз 12 жніўня, тады сілавікі моцна зьбілі яго да стану інваліднага вазка. Другі раз Івана затрымалі напрыканцы верасьня — ужо ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Потым справу хлопца перакваліфікавалі на мякчэйшы артыкул — на ч. 1 арт. 342.

Віну Іван Красоўскі прызнаў часткова. Сказаў, што сапраўды выкрыкваў лёзунгі і пляскаў у далоні, астатняга не прызнае. Таксама Красоўскі не прызнаў грамадзянскі пазоў.

«Я малады чалавек 18 гадоў, нядаўна скончыў школу. Тое, што я ўбачыў на „Рызе“, — я ўбачыў упершыню ў жыцьці, я быў на эмоцыях. Гэта ненармальна, калі супрацоўнікі міліцыі зьбіваюць людзей, супрацоўнікаў хуткіх».

Дзяржаўная абвінаваўца, памочніца пракурора Савецкага раёну Анастасія Маліко папрасіла суд пакараць Івана Красоўскага трыма гадамі «хіміі». Менавіта такое пакараньне і прызначыла судзьдзя Марына Фёдарава.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG