Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі адхіляць усіх, Калесьнікава будзе абараняць сябе сама», — у адвакаткі Людмілы Казак забралі ліцэнзію


Людміла Казак
Людміла Казак

Людміла Казак спадзяецца, што Калесьнікава без абароны не застанецца: адзін адвакат ужо ёсьць. А калі адхіляць усіх, Марыя мае намер абараняць сябе сама. «І гэта нікому не спадабаецца, мяне тады ніхто ня спыніць», — працытавала Казак Калесьнікаву.

Разбор доўжыўся паўгадзіны

19 лютага на паседжаньні калегіі Міністэрства юстыцыі Людмілу Казак пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

«Афіцыйна — «за праступак, які дыскрэдытуе званьне адваката і адвакатуру». Аднак 24 верасьня было не затрыманьне, а канкрэтная правакацыя. Але пра гэта камісія размаўляць не захацела, падкрэсьліўшы, што «нам гэта нецікава. Ёсьць сам факт затрыманьня, і яго дастаткова», — расказала Людміла Казак.

Адвакатку Марыі Калесьнікавай невядомыя затрымалі 24 верасьня па дарозе ў суд, сілком пасадзілі ў аўтамабіль без апазнавальных знакаў і даставілі ў Цэнтральнае РУУС. Там склалі пратакол паводле артыкула 23.4 КаАП. Правялі асабісты вобшук, забралі дакумэнты і прадметы, якія зьмяшчаюць адвакацкую таямніцу. Ноч Казак правяла ў ІЧУ на Акрэсьціна. Суд прызнаў яе вінаватай у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні. Тады Людмілу Казак аштрафавалі.

19 лютага ў Мін’юсьце разбор доўжыўся паўгадзіны, і яшчэ хвілін 20 сябры калегіі раіліся.

«Старшыняваў на камісіі намесьнік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў. Я яшчэ ведаю старшыню Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктара Чайчыца. Астатніх я ня ведаю, але Чайчыц казаў, што гэта „аўтарытэтныя, вельмі паважаныя, граматныя адвакаты, якія прымуць граматнае рашэньне“. Вось і прынялі», — кажа Людміла Казак.

«Тады мяне ніхто ня спыніць, і ім жа будзе горш», — Марыя Калесьнікава

На пытаньне, што будзе з Марыяй Калесьнікавай, якую пазбаўляюць ужо чацьвёртага адваката (раней ад яе абароны адхілілі Максіма Знака, Ільлю Салея і Аляксандра Пыльчанку), Людміла Казак адказала, што адвакатаў будуць шукаць.

«Мы пакуль не афішуем, але адзін абаронца працуе са мной. Яшчэ пару дзён (у панядзелак і аўторак) мне яшчэ дадуць папрацаваць, я паеду да Машы, і мы абмяркуем сытуацыю. Але да таго адваката, які ўжо ёсьць, мы абавязкова будзем шукаць яшчэ памочнікаў для Марыі. Але вы ж разумееце, ня кожны пагодзіцца працаваць у такіх умовах!

Маша сказала так: „Калі мяне пакідаюць без абаронцаў мэтадычна (а гэта сапраўды так) — я буду абараняць сябе сама, і гэта нікому не спадабаецца, паверце!“. Сказала, што „тады мяне ніхто ня спыніць, і ім жа будзе горш“ — гэта яе словы».

Людміла Казак выказала зьдзіўленьне, што ёй удалося амаль паўгода пратрымацца пасьля таго затрыманьня.

«Маглі б і раней пазбавіцца мяне. Чаму яны толькі цяпер схамянуліся? Можа, гэта была нейкая прадуманая стратэгія? Іх не цікавіць тое, што рыхтуецца разгляд нашай скаргі ў Вярхоўным судзе. Сказалі так: „Калі рашэньне адменіць Вярхоўны суд, тады мы будзем думаць, што з вамі рабіць“. А на пытаньне, ці былі такія прэцэдэнты, адказалі: „Ну, ня ведаем. Штосьці прыдумаем“», — кажа Людміла Казак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG