28 ліпеня жыхар Менску Дзьмітры падаў у КДБ хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Віктара Бабарыкі. У будынку яго затрымалі і правялі ў аўтазак, дзе ўжо было 13 затрыманых, піша Tut.by.
Па адміністрацыйнай справе 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі) мужчыну асудзілі на 14 сутак. Дзьмітры з такім рашэньнем раённага суду не пагадзіўся, стаў яго абскарджваць і дайшоў да Вярхоўнага суду.
15 студзеня старшыня Вярхоўнага суду адмяніў пастанову раённага суду, зацьверджаную Менскім гарадзкім судом, і накіраваў справу на новы разгляд. У Кастрычніцкім судзе справу вярнулі ў міліцыю на дапрацоўку.
А сам Дзьмітры напісаў у Сьледчы камітэт заявы на дваіх судзьдзяў, якія разглядалі ягоную справу да найвышэйшай інстанцыі. Гэта судзьдзя раённага суду Аляксандар Рудэнка і Яўген Хаткевіч зь Менскага гарадзкога суду. Заяўнік лічыць, што іх павінны прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 392 «Вынясеньне заведама неправамерных прысуду, рашэньня ці іншага судовага акту».
У сваю чаргу, сілавікі правяраюць і самога заяўніка — па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Заяву на яго напісаў участковы, які палічыў, што менавіта былы арыштаваны напісаў адзін з нэгатыўных камэнтароў на канале «Каратели Беларуси».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў