Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурорка папрасіла зьменшыць тэрмін палітвязьню Лакішыку, але Менскі гарадзкі суд адмовіў


Затрыманьне 14 ліпеня на Нямізе Антона Лакішыка (у белай кофце). Заламаўшы Антону руку, справа яго вядзе амапавец Яўген Дудкін — у судзе пацярпелы

Адвакатка хадайнічала аб замене турэмнага зьняволеньня абмежаваньнем волі ці арыштам, а пракурорка прасіла зьменшыць тэрмін. Аднак судзьдзя адмовіла.

Менскі гарадзкі суд 9 лютага разгледзеў апэляцыйную скаргу палітвязьня Антона Лакішыка. 17 лістапада яму прысудзілі 3 гады калёніі за штуршок супрацоўніка АМАПу (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) на акцыі 14 ліпеня, паведаміла «Вясна».

Амапавец Яўген Дудкін не атрымаў цялесных пашкоджаньняў і не зьвяртаўся ў мэдычныя ўстановы, але ў справе яго прызналі пацярпелым. Лакішык выплаціў амапаўцу маральную шкоду ў тысячу рублёў і цалкам прызнаў сваю віну.

Апэляцыю разглядала судзьдзя Тамара Ўнукевіч. Пракурорка Сакалова пагадзілася з довадамі адвакаткі Кацярыны Пятровіч і прапанавала зьменшыць пакараньне да 2 гадоў. Адвакатка прасіла большага — зьмяніць пакараньне з утрыманьня ў калёніі на арышт ці абмежаваньне волі.

Аднак суд пакінуў прысуд бяз зьменаў. Самога ж Антона Лакішыка на абскарджаньне прысуду не прывезьлі і не падключылі нават праз скайп.

Родныя 21-гадовага Антона маюць намер абскардзіць прысуд у вышэйшых інстанцыях. Палітвязень пакуль утрымліваецца ў СІЗА-1 у камэры з 15 арыштаванымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG