Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Саша Філіпенка зьвярнуўся да Чырвонага Крыжа з заклікам спыніць катаваньні ў беларускіх турмах


Пісьменьнік Саша Філіпенка.
Пісьменьнік Саша Філіпенка.

Зварот Сашы Філіпенкі пра гуманітарную катастрофу ў турмах Беларусі апублікавала нямецкамоўнае швайцарскае выданьне Neue Zürcher Zeitung.

Арыгінал звароту Саша Філіпенка таксама разьмясьціў у сябе на фэйсбуку.

У звароце да прэзыдэнта Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэра Маўрэра Філіпенка нагадвае пра папярэднюю сустрэчу зь ім у 2020 годзе.

«Я прапанаваў Вам праінспэктаваць беларускія турмы, у якіх жанчыны сьпяць на бэтонных падлогах і мэталічных сетках без матрацаў, у якіх хлеб кладуць пад галаву замест падушак, прыбіральні ўяўляюць сабой дзіркі ў падлогах, не агароджаныя нават шторкамі, а наглядчыкі не дазваляюць перадаваць у камэры ні зубных шчотак, ні пракладак. Тады, увосень, Вы адказалі, што МЧК ня мае падобнага мандату.

Загадзя чакаючы такога адказу, я нагадаў Вам пра бразыльскіх фавэлаў, у дачыненьні якіх МЧК займае куды больш актыўную пазыцыю. Як і тады, падчас нашага абеду ў Маскве, я з усёй адказнасьць заяўляю Вам, што бразыльскія фавэлы ў параўнаньні з сучасным «турэмным Менскам» выглядаюць курортамі з падвышанай бясьпекай і ахоўнай паркоўкай.

Адным з галоўных аргумэнтаў, якім вы тлумачылі немагчымасьць умяшацца ў беларускія падзеі, зьяўляецца нэўтралітэт, які нібыта займае Міжнародны Чырвоны Крыж. Я дазваляю сабе выкарыстоўваць слова «нібыта», таму што ў выпадку Беларусі ніякага нэўтралітэту арганізацыя, якую Вы ўзначальваеце, на самай справе не выконвае.

Пасаду старшыні прэзыдыюму Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа займае Дзьмітры Піневіч, міністар аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Гэта значыць, на чале грамадзкай арганізацыі стаіць чыноўнік, якога прызначыў дыктатар Лукашэнка і якому ён непасрэдна падпарадкоўваецца! (Сам ён, дарэчы, прызначыў сябе прэзыдэнтам Алімпійскага камітэту Беларусі — спадзяюся Вам, грамадзяніну краіны з даўнімі дэмакратычнымі традыцыямі, гэты факт здасца хаця б сьмешным).

Менавіта пры Піневічу, які нібыта адказны за захаваньне нэўтралітэту Міжнароднага Чырвонага Крыжа, у Беларусі ўчынілі беспрэцэдэнтную атаку на мэдыкаў. Звольнілі за грамадзянскую пазыцыю некалькі дзясяткаў мэдыцынскіх работнікаў, сярод якіх кіраўнікі найбуйнейшых мэдыцынскіх цэнтраў і ўнівэрсытэтаў.

Вядомы анколяг Аляксандар Мініч атрымаў 13 дзён арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, нягледзячы на тое, што зьяўляецца вядучым спэцыялістам сваёй лякарні. Арцём Сарокін, лекар, які паведаміў дэталі дыягназу забітага мастака Рамана Бандарэнка, знаходзіцца ў турме і неўзабаве паўстане перад судом за нібыта раскрыцьцё лекарскай тайны. Сваякі загінулага да Сарокіна прэтэнзій ня маюць, але ўлады помсьцяць яму за тое, што ён абверг хлусьню забойцаў, якіх пакрывае дзяржава.

Звольнілі дырэктара навуковага цэнтру «Кардыялёгія» Аляксандра Мрочака — ён не перашкаджаў падначаленым выходзіць на акцыі пратэсту. Пад кіраўніцтвам Мрочака ў цэнтры праводзіліся ўнікальныя для краіны апэрацыі па перасадцы сэрца. Мрочак атрымліваў пагрозы, ягонае лецішча спалілі. Андрэя Вітушку, рэаніматоляга, затрымалі за тое, што шукаў у міліцыі свайго затрыманага непаўналетняга (!) сына. На ўсе прыклады мне ня хопіць артыкулу!

Шмат каму з шараговых лекараў не працягваюць кантракты за пасты ў сацыяльных сетках. Падчас трагічных дзён жніўня ўзброеныя гвалтаўнікі без апазнавальных знакаў, відавочна пры маўклівай згодзе Міністэрства аховы здароўя, выкарыстоўвалі машыны хуткай дапамогі для перамяшчэньня па горадзе. Яны карысталіся тым, што калёны пратэстоўцаў расступаліся перад машынамі з чырвоным крыжам — ці патрэбна больш наглядная мэтафара вераломства і антыгуманнай сутнасьці рэжыму?!

Больш за дзьвесьце лекараў і мэдыцынскіх сясьцёр былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў. Некаторых пабілі, многіх аштрафавалі, арыштавалі на тэрміны да 45 дзён. Пры спадару Піневічу, які «трымаецца нэўтралітэту», дактары ўцякаюць зь Беларусі — каля двухсот беларускіх лекараў ужо пераехалі працаваць у суседнюю Польшчу, пасьля чаго дыктатар Лукашэнка прыняў рашэньне закрыць межы і папярэдзіў, што лекараў, якія зьехалі, што ён ня пусьціць назад у краіну...

Саша Філіпенка падчас маршу пратэсту ў Менску. Жнівень 2020 году.
Саша Філіпенка падчас маршу пратэсту ў Менску. Жнівень 2020 году.

Міжнародны Чырвоны Крыж супрацоўнічае са злачынным рэжымам, які ў 2020 годзе будуе ў цэнтры Эўропы канцэнтрацыйны лягер для палітвязьняў. Па прамым указаньні прэзыдэнта ў яго зьбіраюцца зьмяшчаць найбольш актыўных змагароў з рэжымам. Прычым на тэрмін «пакуль усё не супакоіцца», як выказаўся цяперашні намесьнік міністра ўнутраных спраў.

Ці не здаецца Вам, спадар прэзыдэнт, што мы жывём у часы, калі не заўважаць канцлягераў больш нельга? Міжнародны Чырвоны Крыж, адна з самых уплывовых гуманітарных арганізацый сьвету, павінна перастаць нарэшце мець зносіны і супрацоўнічаць зь несумленнымі палітыкамі і пачуць галасы простых людзей, якія заклікаюць аб дапамозе.

Я не прашу Вас зрабіць больш, чым Вы можаце — я прашу зрабіць толькі тое, што Вы павінны, толькі тое, дзеля чаго ў цывілізаваным сьвеце і існуе Міжнародны Чырвоны Крыж. Я цьвёрда перакананы, што абавязак Міжнароднага Чырвонага Крыжа — у самы кароткі тэрмін увайсьці з інспэкцыяй у перапоўненыя беларускія турмы, дзе мірныя грамадзяне тыднямі ўтрымліваюцца ў карцарах, дзе няма ні гарачай вады, ні сродкаў гігіены, дзе арыштаваныя зазнаюць катаваньні, псыхалягічны і фізычны ціск.

Міжнародны Чырвоны Крыж абавязаны патрабаваць спыненьня практыкі выкраданьня і зьбіцьця грамадзян людзьмі без апазнавальных знакаў; патрабаваць спыненьня катаваньняў — гэта прамое парушэньне міжнародных канвэнцый, падпісаных Беларусьсю".

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG