Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці маем мы права баяцца? Так. Ці маем права адмовіцца? Не». Латушка — пра плян перамогі, рэфэрэндум і вяртаньне


Павал Латушка.

Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былы міністар культуры і былы амбасадар Павал Латушка — пра асноўныя палажэньні Пляну беларускага вызваленьня ў рамках «Стратэгіі перамогі для беларусаў», умовы вяртаньня і лідэраў вулічнага пратэсту.

Глядзіце размову на відэа цалкам.


Тут фрагмэнты гутаркі.

Сьцісла

  • Усё ў нашых сілах, усё ў нашых руках. Мы матываваныя, мы маем альгарытм дзеяньняў. Мы маем плян дзеяньняў.
  • Пэрсанальныя санкцыі павінны тычыцца і іншых асобаў, датычных да рэпрэсій, але судзьдзі — адзін з прыярытэтаў.
  • Я выйшаў перад Купалаўскім тэатрам 14 жніўня, я не рыхтаваўся да вулічных пратэстаў і не рыхтаваўся стаць лідэрам пратэсту. Я пабачыў, што сапраўды не было тых людзей, якія маглі стаць на чале калёны.
  • І калі да гэтага будзе гатовае грамадзтва, калі мы ўсе будзем гатовыя, дадатковым імпульсам можа стаць вяртаньне лідэраў у Беларусь.


«Калі мы гэта прапаноўваем, то мы лічым гэта рэальным»

— Палітолягі пазьбягаюць прагнозаў наконт тэрмінаў, калі адбудуцца перамены. Палітыкі таксама ўзважваюць свае словы, але ня могуць уцякаць ад адказаў, ня могуць не даваць людзям пэрспэктывы. Калісьці гаварылася, што да канца новага году мае быць прызначаная дата новых выбараў. Гэтага не адбылося. У стратэгіі перамогі названы травень як тэрмін, калі маюць распачацца перамовы пра новыя выбары. Наколькі гэта рэалістычна? І што стане з даверам да дэмакратычных сілаў, якія працавалі над стратэгіяй, калі гэтыя прагнозы ня спраўдзяцца?

— Калі мы гэта прапаноўваем, то мы лічым гэта рэальным. Мы ня ставім ультыматум нікому, мы ставім ультыматум самі сабе. Мы ставім сабе дэдлайн і бачаньне дзеяньняў менавіта да гэтага каляндарнага месяца. Ці адбудзецца гэта ў траўні? Так, мы ў гэта верым. Ці могуць адбыцца пэўныя зьмены? Канечне, могуць. Хто ж з нас зможа прадбачыць будучыню? Мы ня будзем зьвяртацца да экстрасэнсаў, каб атрымаць бачаньне будучыні беларускага народу. Усё ў нашых сілах, усё ў нашых руках.

Мы матываваныя, мы маем альгарытм дзеяньняў. Мы маем плян дзеяньняў, маем дадатковыя элемэнты, якія будуць уключацца крок за крокам. Калі мы ня будзем ставіць сабе гэтыя дэдлайны, калі мы ня будзем разумець, што нам трэба, закасаўшы рукавы, вельмі актыўна працаваць, тады навошта ўсім гэтым займацца? Ці можам мы пагадзіцца з тым, што людзі будуць сядзець у турмах? Ці можам мы пагадзіцца з тым, што крымінальныя справы аб забойстве Тарайкоўскага, Бандарэнкі і іншых ня будуць заведзеныя? Мы ня можам з гэтым пагадзіцца. Значыць, ці ёсьць у нас выбар? У нас няма выбару. Мы павінны працаваць. Працаваць сыстэмна.

Плян вызваленьня па пунктах

— Патлумачце ключавыя пункты Пляну беларускага вызваленьня, распрацаванага Народным антыкрызісным кіраўніцтвам.

— Для нас вельмі важна тое, што мы аб’яднаныя. Усе палітычныя сілы, якія, на жаль, вымушана аказаліся за межамі Беларусі (гэта не было нашай воляй і нашым жаданьнем, рэпрэсіі вымусілі нас зьехаць), абʼядналіся, каб рэалізаваць стратэгію і канкрэтны плян дзеяньняў «Вясна-2021 беларускага вызваленьня». Дамоўленасьць была дасягнутая ў Троках некалькі тыдняў таму на сустрэчы штабу Сьвятланы Ціханоўскай, штабу Валера Цапкалы і Народнага антыкрізіснага кіраўніцтва.

Трэба маштабаваць ціск на нелегітымную ўладу. Гэта можна зрабіць праз эканамічны ціск, і тут выкарыстоўваюцца як прамыя, так і ўскосныя інструмэнты ціску. Прыклад ускоснага ціску — мы вядзём актыўны дыялёг з рэйтынгавымі агенцтвамі, Міжнародным валютным фондам, найбуйнейшымі банкамі, якія ажыцьцявілі летась выпуск эўрабондаў, эўрааблігацый. Ускосны ціск — неабходнасьць уводзіць санкцыі адносна тых дзяржаўных банкаў, у якіх на сёньня знаходзяцца рахункі АМАПу, Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, КДБ, тых структураў, якія ажыцьцяўляюць рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных беларускіх грамадзянаў.

Наступны элемэнт ціску — пэрсанальныя санкцыі, і тут ініцыятыва ў нашых партнэраў — ЭЗ і іншых краінаў (больш за 40 краінаў далучыліся да санкцый супраць нелегітымнай улады Беларусі). Пэрсанальныя санкцыі павінны быць уведзеныя ў дачыненьні да судзьдзяў, якія ашаламляльнымі тэмпамі выносяць прысуды з аграмаднымі тэрмінамі для мірных пратэстоўцаў. Пэрсанальныя санкцыі павінны тычыцца і іншых асобаў, датычных да рэпрэсій, але судзьдзі — адзін з прыярытэтаў.

Наступны элемэнт ціску і нашых дзеяньняў — антыпрапаганда. Тое, што бачым на так званым народным сходзе, — прапагандысцкая рыторыка. Яна хлусьлівая. Любы тэзіс Лукашэнкі і Макея можна абвергнуць. Мы павінны даносіць да людзей як мага болей праўдзівай інфармацыі.

Наступны элемэнт ціску — пераход чыноўнікаў на бок народу. Гэты праект мы ўжо ажыцьцяўляем, і за першыя тры дні сабрана 600 подпісаў пад адкрытым лістом за адстаўку Лукашэнкі.

Актыўныя дзеяньні сілавікоў на баку народу — адзін з найбольш складаных элемэнтаў і вельмі важны для дасягненьня нашых мэтаў. Той кірунак, пра які мы ня можам гаварыць публічна, але ён вельмі неабходны для ўзмацненьня ціску на рэжым.

Зьнешнепалітычны ціск. Рэжым нелегітымны і ня мае права прадстаўляць народ, заключаць крэдытныя пагадненьні. Я накіраваў інфармацыйны ліст кіраўніку Цэнтрабанку Расеі пра тое, што ўлада ў Беларусі нелегітымная і што заключэньне крэдытных пагадненьняў прыводзіць да патэнцыйных рызыкаў.

Мабілізацыя грамадзтва. Яна прадугледжвае вулічныя акцыі пратэсту. Мы бачым, што ўлады вельмі жорстка абыходзяцца з тымі, хто выказвае свой пункт гледжаньня на вуліцы. Мы павінны быць крэатыўнымі, мабільнымі, разумнымі. Мы такімі зьяўляемся, і мы гэта ўмеем і ведаем, як рабіць. Ці маем мы права баяцца? Так, канечне, у нас ёсьць права баяцца. Але ці маем права адмовіцца ад гэта важнага кірунку дзейнасьці? Ня маем права, як і ня маем права забыць пра 250 палітвязьняў, пра журналістаў, якія праходзяць па крымінальных справах.

Хто будзе на чале калёны

— Вы казалі ў адным з апошніх інтэрвію пра адсутнасьць лідэраў вулічнага пратэсту падчас масавых акцый у жніўні, калі можна было пераламаць сытуацыю, але тады ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць за тое, каб кіраваць сотнямі тысячаў людзей і накіроўваць іх. У цяперашняй сытуацыі ў Беларусі ёсьць моцная, гарызантальная самаарганізацыя, людзі такім чынам пратэстуюць у дварах і сваіх раёнах, каб ня быць затрыманымі і пры гэтым паведаміць пра сваю актыўнасьць як мага шырэй. Як вам бачыцца, пры вяртаньні масавага вулічнага пратэсту ці зьявяцца ў ім лідэры? Бо цяперашнія арышты і тэрміны сьведчаць пра тое, што ўлады максымальна ізалююць і караюць актыўных, ініцыятыўных людзей.

— Гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Можна колькі заўгодна вяртацца ў думках у жнівень 2020 году. Гэта яшчэ адзін адказ рэжыму на яго рыторыку пра арганізацыйны, структурны рэсурс, пра дзеяньні з боку заходніх дзяржаваў дзеля ажыцьцяўленьня «каляровай рэвалюцыі» ў Беларусі. Я выйшаў перад Купалаўскім тэатрам 14 жніўня, я не рыхтаваўся да вулічных пратэстаў і не рыхтаваўся стаць лідэрам пратэсту. Я пабачыў гэта рэальна, я быў гэтаму сьведкам, калі ўступіў у Каардынацыйную раду, што сапраўды не было тых людзей, якія маглі стаць на чале калёны і павесьці яе ў тым ці іншым кірунку. Гэта яшчэ раз пацьвярджае, што ніякай сплянаванай акцыі не было, гэта была эмацыйная, масавая, цалкам абгрунтаваная рэакцыя на фальсыфікацыі, рэпрэсіі і гвалт улады. Калі б была такая структура і сіла, няўжо не было б чалавека, які павёў бы людзей і заклікаў да пэўных дзеяньняў?

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі — так, ёсьць дэцэнтралізацыя, ёсьць лякальная актыўнасьць, таму вельмі важна максымальна абʼяднаць рэсурсы і патэнцыял людзей, якія найбольш актыўныя, якія гатовыя выходзіць і якія выходзяць кожны дзень. Гэта найважнейшая праца, якая стаіць цяпер перад штабам і антыкрызісным кіраўніцтвам, — як абʼяднаць гэты рэсурс і падрыхтаваць яго да той самай важнай акцыі, якая павінна адбыцца, да таго самага масавага выхаду, на які мы спадзяёмся, разьлічваем і верым, што ён адбудзецца ў адпаведны момант.


Лічбавы рэфэрэндум, які можа стаць і рэальным рэфэрэндумам


— Раскажыце больш дэталёва пра лічбавы рэфэрэндум.

— Ёсьць вельмі шмат беларусаў, якія абсалютна не гатовыя жыць у цяперашняй краіне, але яны не гатовыя выйсьці на вуліцу. Для гэтай часткі грамадзтва, як і для актыўнай часткі грамадзтва, мы прапаноўваем лічбавы рэфэрэндум, каб атрымаць зразумелую і дакладную інфармацыю пра меркаваньне беларускага грамадзтва па шэрагу важных пытаньняў, у тым ліку і па тых пытаньнях, пра якія кажа Лукашэнка.

Такім чынам, ён сьледам за намі ідзе. Мы прапанавалі гэты парадак дня. Мы прапаноўваем рэфэрэндум. І беларусы вызначаць, куды будзе рухацца Беларусь, а не Лукашэнка і тыя людзі, што сядзяць на гэтым так званым «усебеларускім народным сходзе». Атрымаўшы гэтыя вынікі, мы будзем мець абсалютнае права з боку грамадзтва сказаць Лукашэнку — вось меркаваньне народу, вы павінны выканаць гэтыя патрабаваньні. Калі не, тады зьяўляецца магчымасьць масавых актыўных дзеяньняў.

Як дадатковае дзеяньне — магчымасьць правядзеньня рэальнага рэфэрэндуму. Лукашэнка заяўляе пра стварэньне канстытуцыйнай камісіі, каб разгледзець рэформу Канстытуцыі, — мы якраз і прапануем, што хоча бачыць народ, ці хоча ён прэзыдэнцкую рэспубліку, як заяўляе Лукашэнка, ці парлямэнцка-прэзыдэнцкую, ці проста парлямэнцкую рэспубліку. Мы будзем дыктаваць Лукашэнку, на якіх умовах будзе праходзіць гэты рэфэрэндум.

Канечне, найхутчэй, Лукашэнка адмовіць нам у рэгістрацыі гэтых пытаньняў, тут няма ілюзій. Яго не цікавіць цяперашняя Канстытуцыя — пра якую рэформу гаварыць? Ён парушае Канстытуцыю штодня. І тады праз маштабаваньне ціску, праз фармаваньне грамадзкай думкі адбудзецца максымальны рост тэмпэратуры ў настроях грамадзтва. І ў гэты момант стане пытаньне вяртаньня лідэраў. І калі да гэтага будзе гатовае грамадзтва, мы ўсе будзем гатовыя, дадатковым імпульсам можа стаць вяртаньне лідэраў у Беларусь.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG