Reuters паведамляе, што Томас Эндрус рэкамэндаваў прыняць абмежавальныя меры супраць асобаў, якія захапілі ўладу, увесьці эмбарга на пастаўкі зброі ў Мʼянму і забараніць паездкі ў краіну, а таксама падумаць над арганізацыяй міжнароднага крымінальнага трыбуналу.
Паводле Эндруса, чальцы Рады Бясьпекі павінны зрабіць так, каб гуманітарная дапамога дайшла да людзей, якія жывуць у нястачы, а не апынулася пад кантролем хунты.
Эндрус зьвярнуў увагу, што фатаграфіі і відэазапісы з М’янмы сьведчаць пра тое, што войска ўжывае баявыя патроны супраць пратэстоўцаў.
12 лютага стала вядома, што паліцыя Мʼянмы разагнала студэнцкі пратэст супраць дзяржаўнага перавароту. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Малам’яйн. Відавочцы паведамілі аб стрэлах. Былі затрыманыя 14 чалавек.
Напярэдадні ЗША ўвялі санкцыі супраць васьмі асобаў, датычных да захопу ўлады ў Мʼянме. У чорныя сьпісы трапілі прадстаўнікі вайсковага кіраўніцтва і тры ювэлірныя кампаніі. Амэрыканскі прэзыдэнт Джо Байдэн запатрабаваў ад вайскоўцаў Мʼянмы неадкладна скласьці паўнамоцтвы.
1 лютага ў краіне адбыўся вайсковы пераварот. Захопнікі спасылаюцца на фальсыфікацыі падчас парлямэнцкіх выбараў. Яны ўзялі пад варту лідэраў кіроўнай партыі «Нацыянальная ліга за дэмакратыю», у тым ліку дзяржаўнага дарадцу і ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Аўн Сан Су Чы. Па ўсёй краіне адбываюцца масавыя пратэсты з патрабаваньнямі вярнуць уладу дэмакратычна абранаму ўраду.