Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану прызначыў сына сваім намесьнікам


Сэрдар Бэрдымухамэдаў
Сэрдар Бэрдымухамэдаў

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў прызначыў 39-гадовага сына Сэрдара сваім намесьнікам як кіраўніка ўраду і старшынём Найвышэйшай кантрольнай палаты краіны. Пра гэта паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачаньне.

Сэрдар Бэрдымухамэдаў у 2001 годзе скончыў Туркмэнскі сельскагаспадарчы ўнівэрсытэт, пасьля гэтага служыў у арміі і працаваў у Асацыяцыі харчовай прамысловасьці.

Неўзабаве пасьля прыходу да ўлады ягонага бацькі ён быў прызначаны на працу ў амбасаду ў Маскве, дзе скончыў Дыпляматычную акадэмію. Пасьля гэтага працаваў і вучыўся ў Жэнэве, узначальваў ключавыя аддзелы туркмэнскага МЗС, а ў 2016 годзе быў абраны ў нацыянальны парлямэнт.

Год таму ён быў прызначаны міністрам прамысловасьці, цяпер спэцыяльна для яго створана пасада віцэ-прэм’ера.

Кар’ерны шлях Бэрдымухамэдава-малодшага дае зразумець, што бацька разглядае яго ў якасьці пераемніка, адзначае Туркмэнская служба Радыё Свабода.

У афіцыйных публікацыях, сына прэзыдэнта Туркмэністану называлі «сынам народу», а ягоныя публічныя зьяўленьні разам з бацькам — «сымбалем пераемнасьці пакаленьняў». Ён шмат разоў прадстаўляў краіну на міжнародных сустрэчах.

  • Туркмэністан — адна з самых закрытых краін сьвету, дзейны прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў — другі прэзыдэнт у яе гісторыі. Ён узначаліў дзяржаву ў канцы 2006 году пасьля сьмерці папярэдніка, пасьля чаго тройчы выйграваў выбары — з вынікамі 89%, 97,14% і 97,6%.
  • У штогадовым Індэксе дэмакратыі, які складаецца брытанскім Economist Intelligence Unit, краіна займае пятае месца з канца сярод 167 дзяржаў. Туркмэністан валодае чацьвёртымі ў сьвеце даказанымі запасамі прыроднага газу. Нягледзячы на гэта, апошнія некалькі гадоў краіна знаходзіцца ў вельмі глыбокім эканамічным крызісе, выкліканым нізкім узроўнем кіраваньня, высокай карупцыяй і канфліктамі з найбуйнейшымі пакупнікамі паліва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG