Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікаву і Знака абвінавацілі ў змове для захопу ўлады і ў кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем


Максім Знак і Марыя Калесьнікава. 14 ліпеня 2020
Максім Знак і Марыя Калесьнікава. 14 ліпеня 2020

Паплечнікам Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку прадʼявілі яшчэ два абвінавачаньні.

Пра гэта паведамілі афіцыйны канал Віктара Бабарыкі і адвакат Дзьмітры Лаеўскі.

Калесьнікаву і Знака абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357) і ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім (ч. 1 арт. 361-1).

Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Марыі Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

Юрыста і сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады Максіма Знака затрымалі 8 верасьня.

Яго абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, накіраваных на шкоду вонквай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, яе сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы і абараназдольнасьці (3/361).

У канцы сьнежня 2020 году Генэральная пракуратура завяла супраць Максіма Знака і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

«Ніякіх законных падставаў ні для аднаго з абвінавачаньняў няма, — напісаў Лаеўскі. — Мы, вядома ж, пазмагаемся. За Макса. І яшчэ за тое, каб калі-небудзь тут права пачалі рабіць з свабоды, годнасьці і справядлівасьці, а ня з чорнай гумы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG