Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне падаўжаюць жорсткі локдаўн праз новыя мутацыі каранавірусу


Ангела Мэркель, студзень 2021

У Нямеччыне вырашана падоўжыць да 7 сакавіка жорсткі локдаўн, які быў уведзены ў краіне на фоне рэзкага росту каранавіруснай інфэкцыі ў сярэдзіне сьнежня.

Пра гэта піша «Нямецкая хваля».

Аб прадаўжэньні локдаўна дамовіліся падчас відэаканфэрэнцыі канцлеркі Ангелы Мэркель з прэм’ер-міністрамі фэдэральных земляў.

Адзначаецца, што на далейшым дзеяньні локдаўна настаяла ведамства фэдэральнага канцлера — насуперак супраціву некаторых рэгіянальных уладаў. Ведамства спаслалася на пагрозу, зьвязаную з распаўсюджваньнем новых, больш небясьпечных мутацый каранавірусу.

У Нямеччыне застануцца зачыненымі гатэлі, рэстарацыі і кавярні, тэатры і кінатэатры, фітнэс-студыі, прадпрыемствы розьнічнага гандлю, за выключэньнем харчовых крамаў і аптэк. Пры гэтым зацьверджаныя меры прадугледжваюць шэраг выключэньняў. Ад 1 сакавіка дазволена аднавіць працу цырульняў.

«Базавы прынцып» — мы застаёмся дома — «па-ранейшаму зьяўляецца важным інструмэнтам у барацьбе супраць пандэміі», — гаворыцца ў дакумэнце, прынятым у ходзе відэаканфэрэнцыі 10 лютага.

З пачатку пандэміі COVID-19 колькасьць сьмерцяў ад гэтай хваробы ў Нямеччыне склала амаль 63 тысячы. Сутачны прырост заражэньняў у апошні час зьніжаецца. У сераду ўлады паведамілі пра прыкладна 8 тысячаў новых выпадкаў інфэкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG