Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка расказаў пра праект новай Канстытуцыі і ўмовы свайго сыходу


Лукашэнка выступае на Ўсебеларускім народным сходзе. Менск, 11 лютага.

Выступаючы на Ўсебеларускім народным сходзе 11 лютага, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цягам году праект Канстытуцыі будзе гатовы, на пачатку наступнага — рэфэрэндум.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі цяпер запрацавала «эфэктыўная дыялёгавая пляцоўка». Гэта тычыцца і абмеркаваньня канстытуцыйнай рэформы.

Ён заявіў, што ў яго на стале ляжаць два праекты Асноўнага Закону, але галоўнае цяпер — «не паламаць краіну пасьпешлівымі рашэньнямі».

«Цягам гэтага году трэці варыянт праекту Канстытуцыі будзе гатовы і на пачатку 2022-га вынесены на рэфэрэндум. Прыняўшы новы Асноўны Закон, нам давядзецца перарабіць шмат якія іншыя законы, зьмяніць заканадаўства — цягам ужо наступнага году.

І тады пытаньне — калі ён (Лукашэнка) сыдзе — вырашыцца. Пры тым, што 60% апытаных катэгарычна заявілі, што яны супраць зьменаў... Вы ж разумееце, які сцэнар нам быў падрыхтаваны? Каб хтосьці з пратэстуноў дарваўся да ўлады, ужо праз суткі тут былі б замежныя войскі. Таму ёсьць неабходнасьць распрацаваць новы праект Канстытуцыі і прыняць яе на рэфэрэндуме».

«Беларусь павінна заставацца прэзыдэнцкай»

«Краіна павінна заставацца прэзыдэнцкай рэспублікай, — перакананы Лукашэнка. — Нават без Лукашэнкі, які б я ні быў гераічны. Яны ўжо грукаюцца ў дзьверы. Увесь сыр-бор у асобе. Але ў мяне, акрамя Беларусі, нічога няма, ня верце нікому, што нешта скраў. І мяне немагчыма запалохаць, нават калі бегаў з аўтаматам па вуліцы. Гэта многіх ацьвярозіла. Я сваю краіну нікому не аддам», — падсумаваў Лукашэнка.

Па яго словах, ніякіх новых выбараў пры «раскладзе Ціханоўскай» не было б у прынцыпе: яе «муж-мардаварот» у выпадку перавароту кіраваў бы краінай, а яна смажыла б катлеты.

«Але сам народ іх растаптаў бы, бо не прымае такую палітыку, — працягнуў ён. — Так я сказаў у СІЗА і Віктару Бабарыку, калі туды езьдзіў. Прабачце, калі зрынаць, то чакайце рэакцыі ў адказ. Я будаваў краіну як мог, і аддаваць яе некаму на зьнявагу — ніколі. Іншая справа, што мы жывём у пераходны пэрыяд, і хто прыйдзе ва ўладу ад новага пакаленьня — вось у чым пытаньне», — не хаваў Лукашэнка эмоцыі.

«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў»

Аляксандар Лукашэнка агучыў свае ўмовы «пратэстунам і заблудам», назваў умовы сыходу з улады:

«Мір, парадак, ніякіх пратэставых дзеяньняў, не пераварочваць краіну».

Па яго словах, «калі да ўлады дарвуцца ня тыя і зь іншымі поглядамі», то каб ня ўпаў ніводзін волас з прыхільнікаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы.

Таму, словамі Лукашэнкі, ён і прапанаваў зрабіць Усебеларускі народны сход «канстытуцыйным органам». Калі такая ўгода будзе парушаная – уся ўлада пяройдзе менавіта да дэлегатаў як упаўнаважаных ад імя народу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG