Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачатак Усебеларускага сходу ў Менску 11 лютага
Пачатак Усебеларускага сходу ў Менску 11 лютага

Што адбываецца ў Беларусі 11 лютага, калі Лукашэнка праводзіць «Усебеларускі сход»

У Менску 11 лютага праходзіць 6-ы Ўсебеларускі народны сход, скліканы Лукашэнкам. На яго сабралі 2400 дэлегатаў і 300 гасьцей. Першых удзельнікаў у Палац рэспублікі прывезьлі яшчэ прыцемкам, хоць пачатак мерапрыемства аб 11-й гадзіне. З гэтага часу да 13:30 дзяржаўныя тэлевізія і радыё будуць весьці жывую трансьляцыю з выступам Лукашэнкі.

Напярэдадні ў сацыяльных сетках зьявіліся як заклікі да вулічных пратэстаў, так і заклікі на іх не выходзіць. Міліцыя ў сваю чаргу заявіла, што будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме і беспарадкаў не дапусьціць.

18:13 11.2.2021

У Жлобіне – ператрусы і выклікі ў міліцыю ды Сьледчы камітэт

У жыхароў Жлобіна Любові Швэдавай і Аркадзя Шаўчэнкі праходзяць ператрусы. Яшчэ шэраг актывістаў на 12 лютага выклікалі на допыты ў міліцыю і Сьледчы камітэт па крымінальнай справе аб абразе начальніка Жлобінскага РАУС.

Таксама паводле мясцовых актывістаў міліцыя шукае адміністратараў тэлеграм-каналу «Свободный Жлобин» і тых, хто займаецца «партызанінгам», робіць ананімныя акцыі пратэсту.

18:07 11.2.2021

На сходзе далі слова Ганьне Канапацкай, але трансляцыю выключылі

Пасьля таго як Натальля Качанава дала слова ад першага мікрафона былой удзельніцы прэзыдэнцкай кампаніі Ганьне Канапацкай, жывая трасьляцыя з форуму была спыненая.

18:00 11.2.2021

Як «не аддаць любімую». Што стаіць за словамі Лукашэнкі

Схему гэтага працэсу Аляксандар Лукашэнка выклаў у сваім выступе на Ўсебеларускім народным сходзе, піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

  • Плян канстытуцыйнай рэформы па Лукашэнку: распрацоўка сёлета праекту новай Канстытуцыі; прыняцьцё яе на рэфэрэндуме напачатку 2022 году; магчыма, напрыканцы 2022 году — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары
  • Мяркуецца, што новая Канстытуцыя замацуе перадачу часткі ўладных паўнамоцтваў ад прэзыдэнта іншым інстытутам улады
  • Усебеларускаму народнаму сходу плянуецца надаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы вярхоўнага органу ўлады і пры гэтым — гаранта бясьпекі ў будучыні прыхільнікаў Лукашэнкі
17:57 11.2.2021

Людзі рэагуюць на зьяўленьне сілавікоў у цэнтры Менска знакам вікторыі

17:54 11.2.2021

Аўтазакі на праспэкце Пераможцаў у Менску

17:46 11.2.2021

Кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веньямін заклікаў да прымірэння ў грамадзтве

Мітрапаліт Веньямін падзякаваў уладам і Аляксандру Лукашэнку, што ў разгар пандэміі не былі зачыненыя храмы, дзякуючы чаму вернікі атрымалі духоўную падтрымку.

«Сёньня беларускае грамадзтва на раздарожжы, бо кожнаму трэба зрабіць маральны выбар, – адзначыў праваслаўны ярарх. – Што больш за ўсё разьядноўвае людзей? Эгаізм, гардыня, цынізм. Як выйсьці з гэтага кола? Кожнаму неабходна пачаць зь сябе, дараваць адзін аднаго, ухіляцца ад зла і тварыць дабро. Мітрапаліт Філарэт у свой час заклікаў: «Любіце адзін аднаго!» Толькі пры павазе і любові да бліжняга можна разьлічваць на прымірэньне ва ўсім грамадзтве».

17:40 11.2.2021

Прадстаўнік Генштабу паўтарыў тэзіс Макея

Намесьнік начальніка генштабу ўзброеных сіл Беларусі Павал Муравейка падтрымаў тэзіс кіраўніка МЗС Макея аб адмове ад нэўтралітэту Беларусі:

«Сёньня ўмовы, якія забясьпечваюць нэўтральны статус нашай краіны пакуль ня створаны. Да іх дасягненьня выбар калектыўнай абароны ў якасьці стратэгічнага арыентыру зьяўляецца неабходным і патрабуе замацаваньня ў Канстытуцыі. Гэта закладзе моцны прававы фундамэнт доўгатэрміновых і эфэктыўных праектаў па забесьпячэньні бясьпекі краіны, надасьць імпульс у супрацоўніцтве з дружалюбнымі краінамі».

17:31 11.2.2021

Кіраўнік КДБ паабяцаў знайсьці «усіх пасобнікаў фашыстаў», як гэта рабілі яго папярэднікі


Старшыня Камітэту дзяржбясьпекі Іван Тэрцель заявіў, што летам і ўвосень беларускім уладам удалося спыніць няўдалую спробу мецяжу і зьмены канстытуцыйнага ладу.

«Беларусь выстаяла ва ўмовах рэалізацыі самага жорсткага сцэнару. Але яшчэ ня час расслабляцца. На тэрыторыі шэрагу замежных дзяржаў сфармаваныя структуры, дзе канцэнтруюцца розныя авантурысты, прайдзісьветы і здраднікі. Гэтыя цэнтры працуюць найперш у Вільні і Варшаве. Асобныя са змагароў пераступаюць чырвоныя лініі, прыбягаючы да тэрору. Як прыклад – дзейнасьць групаў Аўтуховіча і Аліневіча. Былі абсталяваныя тайнікі са зброяй, зьнішчалася маёмасьць сілавікоў. Масавых ахвяраў удалося пазьбегнуць толькі дзякуючы спаненьню іх дзейнасьці».

Паводле Тэрцеля, сілавыя структуры маюць усе рэсурсы, каб стварыць бясьпечныя ўмовы для жыцьця і працы грамадзянаў. І паабяцаў, што ягонае ведамства будзе дзейнічаць «жорстка і пасьлядоўна».

«Нашыя дзяды і бацькі знаходзілі пасобнікаў фашыстаў праз дзесяцігодзьдзі, дзе б яны не знаходзіліся. Гэта мусім зрабіць і мы», – заявіў старшыня КДБ.

17:25 11.2.2021

У Менску на вуліцу Няміга едзе спэцтранспарт сілавікоў

17:20 11.2.2021

Макей прапанаваў адмовіцца ад «нэўтралітэту» ў Канстытуцыі Беларусі

Выступаючы на Ўсебеларускім народным сходзе міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў аб прыярытэце Расеі ў замежнай палітыцы краіны:

«На ўзаемадзеянне з Расеяй будзе накіраваны асноўны вэктар нашага разьвіцьця».

Макей выступіў і з прапановай аб зьменах у Канстытуцыі: «Замацаванае ў Канстытуцыі імкненьне Беларусі да нэўтралітэту не адпавядае бягучай сытуацыі. Прапануецца ўлічыць дадзены аспект у працы над папраўкамі да Асноўнага закону нашай краіны».

16:56 11.2.2021

Акцыя пратэсту пэнсіянэраў у Горадні

16:51 11.2.2021

Акцыі пратэсту ў Менску

16:49 11.2.2021

Сход аднавіўся, выступаюць дэлегаты

Іх выступы доўжацца па некалькі хвілін, выступаюць у асноўным прадстаўнікі прамысловасьці, будаўніцтва і сельскай гаспадаркі. Яны гавораць пра вытворчыя посьпехі і просяць дапамогі ад дзяржавы, аб чым зьвяртаюцца непасрэдна да Лукашэнкі, які сядзіць у прэзыдыюме.

16:34 11.2.2021

Усім дэлегатам Усебеларускага сходу зрабілі тэсты на каранавірус, хворых не пусьцілі

Дэпутатка Менгарсавету Вольга Цесакова паведаміла, што за некалькі дзён да Ўсебеларускага народнага сходу ўсім дэлегатам зрабілі тэсты на каранавірус. Напярэдадні атрымалі вынікі, і хворых у залю не пусьцілі.

«Менавіта гэтым, думаю, тлумачыцца тое, што людзей у масках у залі амаль няма. Усе адчуваюць расслабленасьць. Плюс працуюць кандыцыянэры, памяшканьне праветрываецца. Пры гэтым досыць холадна: многія пачалі кашляць і чхаць. Прынамсі мае суседзі», — расказала яна ў камэнтары для «Нашай Нівы».

16:05 11.2.2021

Ініцыятыўныя групы беларускіх студэнтаў выступілі з заявай аб непрызнаньні УНС

«Мы, аб’яднаныя студэнцкія суполкі 15 унівэрсытэтаў Беларусі, заяўляем, што УНС не прадстаўляе інтарэсы грамадзтва ў цэлым і студэнцтва ў прыватнасьці, таксама як і не зьяўляецца рэальнай дыялёгавай пляцоўкай. Усе „дэлегаты“, дэкляраваныя як прадстаўнікі студэнцтва і моладзі, зьяўляюцца ня больш, чым статыстамі», — гаворыцца ў заяве.

Студэнты перакананыя, што тых, хто рэальна мог бы прадстаўляць студэнцтва, цяпер перасьледуюць, бо «ўлада баіцца гаварыць зь беларускай моладзьдзю». У сваёй заяве яны патрабуюць:

  • Вызваліць усіх палітвязьняў.
  • Спыніць перасьлед тых, хто знаходзіцца ў выгнаньні.
  • Запрасіць за стол перамоваў прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Офіса Ціханоўскай, «Сходу», незалежных прафсаюзаў і Студэнцкай ініцыятыўнай групы.
16:05 11.2.2021

Пікет у Менску ў раёне камвольнага камбінату

15:52 11.2.2021

Ланцуг салідарнасьці на Лагойскім тракце ў Менску

15:49 11.2.2021

У міліцыю зноў паведамілі мінаваньні будынкаў у Менску

Сёньня на працягу дня ў міліцыю паступіла некалькі паведамленьняў аб мінаваньні будынкаў у Менску, паведамляе сталічная міліцыя. Якіх канкрэтна будынкаў, у ведамстве не ўдакладнілі, паведамілі толькі, што ва ўсіх месцах, указаных у паведамленьні, працуюць супрацоўнікі міліцыі і сапёрна-піратэхнічныя групы. Тэлеграм-канал @belamova паведамляе, што сапёрна-піратэхнічную групу бачылі ў ГЦ Galileo.

15:39 11.2.2021

У турме на Акрэсьціна ў Менску пачалі прымаць перадачы, упершыню з новага году

У турме ў Жодзіна, дзе знаходзіцца шмат палітвязьняў, прыём перадач абяцаюць аднавіць з 17 лютага.

15:27 11.2.2021

Герасіменя — Лукашэнку: «Беларускі народ вас ненавідзіць»

Кіраўніца Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя напісала напісала адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Яна адзначыла, што 9 лютага споўнілася паўгода з моманту прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія Лукашэнка прайграў, але «не знайшоў у сабе сілы і адвагі прызнаць паразу і сысьці з годнасьцю».

За гэтыя шэсьць месяцаў, па словах Герасімені, беларусы прайшлі разгоны сьветлашумавымі гранатамі, расстрэлы гумовымі і баявымі кулямі, катаваньні, бясьсьледныя зьнікненьні пратэстоўцаў, забойствы дэманстрантаў.

«Апошнія паўгода наш беларускі народ адольвае свой маратон — маратон барацьбы з гвалтам, катаваньнямі, зьнявагай і сьмерцямі. І мне як ніколі балюча глядзець на тое, як за праявы грамадзянскай пазыцыі людзей пазбаўляюць права голасу, свабоды, а часам і жыцьця. Ва ўсяго гэтага агульнанацыянальнага кашмару ёсьць назва — гэта вы, Аляксандр Лукашэнка».

Поўны тэкст ліста чытаць тут.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG