Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Пуціна набылі дачу Брэжнева ў Крыме, якая яму спадабалася


Леанід Брэжнеў з кіраўніком Румыніі Нікалае Чаўшэску на дачы «Гліцынія» ў Ніжняй Арэандзе, 3 жніўня 1976.
Леанід Брэжнеў з кіраўніком Румыніі Нікалае Чаўшэску на дачы «Гліцынія» ў Ніжняй Арэандзе, 3 жніўня 1976.

Былую дачу генэральнага сакратара ЦК КПСС Леаніда Брэжнева ў Крыме купіў больш як за мільярд расейскіх рублёў жыхар Масквы, які выкладае баявыя мастацтвы.

За гэтым чалавекам можа стаяць кампанія, блізкая да атачэньня прэзыдэнта Расеі. Калісьці дача мелася стаць ягонай афіцыйнай рэзыдэнцыяй.

Пра гэта паведамляе выданьне «Праект».

Дачу «Гліцынія» пабудавалі ў 1955 годзе для кіраўніка СССР Мікіты Хрушчова, ён прымаў там кіраўніка Югаславіі Іосіпа Броз Ціта. Брэжнеў часта адпачываў на дачы, прымаў гасьцей, за час свайго кіраваньня дзяржавай ён сустракаў на ёй амаль усіх кіраўнікоў краін сацыялістычнага блёку.

Да анэксіі Крыму, у 2004 годзе, аб’ект набыў расейскі дзяржаўны банк ВТБ — за 15 мільёнаў даляраў па тагачасным курсе. Былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ў мэмуарах пісаў, што дача куплялася для Ўладзімера Пуціна, як ягоная рэзыдэнцыя. Пра тое, што дача прызначалася менавіта для Пуціна, заяўляў тады пракурор Крыму Віктар Шамчук. Кантракт аб куплі падпісалі ў 2004 годзе падчас візыту Пуціна на паўвостраў.

Пазьней, піша «Праект», кантракт быў разарваны Гаспадарчым судом Украіны пад ціскам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі, зь якім канфліктаваў Крэмль. Былы пастаянны прадстаўнік прэзыдэнта Ўкраіны ў Крыме Генадзь Маскаль заяўляў, што гэта стала адной з прычын «газавых войнаў» паміж Масквой і Кіевам. Ён перакананы, што перадача дачы Пуціну і яго сталы адпачынак на паўвысьпе акупіліся б «у мільёны разоў».

У 2019 годзе, пасьля анэксіі Крыму Расеяй, былую дачу Брэжнева прадалі за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў, гэта адна з самых дарагіх зьдзелак зь мясцовай нерухомасьцю. Пакупніком выступіла кампанія, зарэгістраваная за 8 месяцаў да правядзеньня аўкцыёну. Яе генэральным дырэктарам і асноўным крэдыторам аказаўся масквіч Яніс Эрманіс. Як удалося высьветліць «Праекту», ён жыве ў мікрараёне Гальянава на ўсходзе Масквы. Па адукацыі Эрманіс — эканаміст, з маладосьці захапляецца віетнамскім адзінаборствам віна-чун-фат-за-куен і дае прыватныя ўрокі.

Кампанія, зарэгістраваная на імя Эрманіса, аказалася, па дадзеных «Праекту», зьвязанаю з банкам «Расія». Яго асноўны акцыянэр — сябар прэзыдэнта Пуціна Юры Кавальчук, а ўсе саўладальнікі і акцыянэры — яго набліжаныя.

Ці плянуюць Кавальчук або саўладальнікі банка карыстацца дачай самі, ці купілі яе для Пуціна — невядома. У найбліжэйшым да абʼекту вялікім горадзе, Ялце, «Гліцынію» называюць «пуцінскай». Але сам абʼект, як паказваюць журналісты «Праекту», выглядае занядбаным, на ім ужо некалькі гадоў не было гасьцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG