Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскую чыноўніцу за хабар асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня


Ірына Жабарава
Ірына Жабарава

Былую начальніцу ўпраўленьня культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ірыну Жабараву прызналі вінаватай у неаднаразовым атрыманьні хабару на суму больш як 31 тысяча рублёў. Кастрычніцкі суд Магілёва пакараў яе 5 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, штрафам 14 500 рублёў і забаронай займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Яшчэ аднаму фігуранту справы, хабарадаўцу Аляксандру Лексакову, прадусару акцыянэрнага таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы», судзьдзя Алена Селядова прызначыла штраф 11 600 рублёў.

Жабарава па абвяшчэньні выраку заявіла журналістам, што яе пакаралі на загад КДБ. Прысуд яна будзе абскарджваць, але спадзеву, што яго зьменяць, ня мае. Яна кажа, што ў яе надзея на міжнародныя судовыя інстанцыі.

Паводле матэрыялаў справы, Ірына Жабарава вымагала ад кіраўнікоў закрытага акцыянэрнага таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» і прыватнай кампаніі «Арт-канцэрт» грашовыя сродкі для лабіяваньня іхных інтарэсаў у атрыманьні замоваў на арганізацыю культурна-масавых імпрэзаў у горадзе. Ад 2015 да 2020 году сьледзтва выявіла 8 эпізодаў хабарніцтва. Атрыманыя незаконным шляхам грошы Жабарава траціла на асабістыя патрэбы.

Сваёй віны падсудная не прызнала. У апошнім слове Жабарава настойвала, што ў ейных намерах «супрацьзаконных дзеяньняў ніколі не было», а абвінавачаньне трымаецца на паказаньнях сьведак. Сябе яна назвала «чалавекам сыстэмы», які «27 гадоў працаваў на горад». Казала, што на ейным месцы можа апынуцца любы чыноўнік, а пакараньне ёй хочуць зрабіць паказальным. Абвінавачаная заклікала суд разабрацца ў кожным эпізодзе і пры гэтым адзначыла, што на судзьдзю можа чыніцца ціск.

Жабарава пад вартай ад 13 сакавіка 2020 году, калі яе затрымалі. Намаганьні зьмяніць меру стрыманьня не далі плёну. Падчас сьледзтва яна была прызнала віну, але пазьней адмовілася ад прызнальных паказаньняў. Заяўляла пра псыхалягічны ціск з боку супрацоўнікаў КДБ ды «невыносныя ўмовы» ўтрыманьня ў СІЗА КДБ.

Таксама сьцьвярджала, што супрацоўнікі КДБ спрабавалі яе вэрбаваць, і калі яна адмовілася, гэта справакавала затрыманьне.

Паводле Жабаравай, былы кіраўнік таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» Лексакоў даў прызнальныя паказаньні пад ціскам апэратыўнікаў, якія на гэта ёй намякалі.

Лексакоў у адказах на пытаньні свайго адваката заявіў, што супрацоўнікі КДБ не схілялі яго абгаворваць Жабараву. Ён добраахвотна вусна паведаміў пра ейную супрацьпраўную дзейнасьць да завядзеньня крымінальнай справы і актыўна спрыяў расьсьледаваньню. У апошнім слове падсудны адзначыў, што сваю віну прызнае цалкам, прызнальныя паказаньні даваў без прымусу, ва ўчыненым раскайваецца і гатовы панесьці заслужанае пакараньне. Ён сказаў, што апошнімі пяцьцю гадамі перакрэсьліў дасягненьні ўсяго свайго жыцьця і перастаў адчуваць сябе асобаю, якою ганарыліся.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG