Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая чыноўніца, якую вінавацяць у карупцыі, заявіла пра ціск сьледзтва і «нялюдзкае стаўленьне»


Ірына Жабарава ў судовай залі
Ірына Жабарава ў судовай залі

Былую начальніцу ўпраўленьня культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ірыну Жабараву вінавацяць у атрыманьні хабару ад кіраўнікоў закрытага акцыянэрнага таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» і прыватнай кампаніі «Арт-канцэрт».

Паводле сьледзтва, падсудная лябіявала іхныя інтарэсы, каб тыя мелі замовы на арганізацыю культурна-масавых імпрэзаў у горадзе. Сьледзтва выявіла 8 эпізодаў атрыманьня ёю грашовых сродкаў, якія яна траціла на асабістыя патрэбы. Ад 2015 да 2020 году чыноўніцы нібыта перадалі больш за 31 тысячу рублёў.

Ірыну Жабараву прызначылі на пасаду начальніка ўпраўленьня культуры гарвыканкаму 1 чэрвеня 2018 году. Раней яна ўжо працавала ў структуры гарадзкой адміністрацыі і была намесьніцай начальніка аддзелу культуры. Пасьля рэарганізацыі колькі гадоў рабіла ў Магілёўскім каледжы мастацтваў, адкуль і вярнулася на чыноўніцкую пасаду ў гарвыканкам.

Жабарава была падначаленай старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава, а таксама намесьніка старшыні Андрэя Кунцэвіча, які цяпер намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, адказны за ідэалёгію.

Затрымалі Ірыну Жабараву 13 сакавіка 2020 году супрацоўнікі КДБ. Перад гэтым зь ёю сустракаўся дырэктар акцыянэрнага таварыства «Лазэрныя шоў-сыстэмы» Аляксандар Лексакоў. Ён перадаў чыноўніцы рэклямную брашуру сваёй арганізацыі, а ў ёй, як выявіліся, ляжала 550 рублёў.

Лексакову інкрымінуюць даваньне хабару. Ён віну прызнаў і падпісаўся пра нявыезд. Зь ягоных словаў, Жабаравай першы раз ён перадаваў грошы ў 2016 годзе. У судзе пацьвердзіў свае паказаньні.

На судзе адмовілася ад прызнаньня віны

Паводле матэрыялаў справы, падчас сьледзтва Ірына Жабарава прызнала віну, раскаялася і абавязалася вярнуць сродкі, атрыманыя незаконным шляхам.

На судовым працэсе ж адмовілася ад гэтых паказаньняў і заявіла, што давала іх пад псыхалягічным ціскам у сьледчым ізалятары КДБ. Падсудная адзначыла, што прызнаць віну патрабаваў начальнік апэратыўнага аддзелу КДБ і ягоныя падначаленыя.

Жанчына кажа, што «амаль 2 месяцы яе трымалі адну ў камэры без унітаза», сродкаў жаночай гігіены, уначы падымалі і патрабавалі падпісаць паперы. Ёй даводзілі, што яна «усё роўна будзе сядзець» і ў яе «артыкул будзе, бо безь яго ад іх не выходзяць». Апэратыўнікі як прыклад згадалі, што Лексакоў усё прызнаў цягам чатырох гадзінаў.

З словаў Жабаравай, у выпадку прызнаньня віны ёй абяцалі дазволіць патэлефанаваць родным. Паводле яе, сумы хабару, якія фігуруюць у справе, «апэратыўнікі назвалі ў першую ноч яе затрыманьня».

«Гэта было нялюдзкае стаўленьне да мяне як грамадзянкі Рэспублікі Беларусі», — казала падсудная, плачучы. Яна даводзіла суду, што ў зьняволеньні «ня мела ніякіх правоў».

Жабарава кажа, што пагадзілася на заключэньне дасудовага пагадненьня, бо сьледчыя абяцалі вызваленьне і 3 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Яна даводзіла, што прызнаньне віны пісала пад дыктоўку апэратыўнікаў у прысутнасьці адваката, зь якім пазьней скасавала дамову на абарону. З новым адвакатам яна пазыцыю зьмяніла, хоць яе і засьцерагалі сьледчыя, каб «ня сьмела мяняць паказаньні, бо дабавяць тэрмін».

Што пагражае Жабаравай

У выпадку абвінаваўчага прысуду Ірыне Жабаравай пагражае да 10 гадоў зьняволеньня з забаронай займаць кіроўныя пасады. Ёй інкрымінуюць парушэньне 1 і 2 частак 430 артыкула Крымінальнага кодэксу.

Былая чыноўніца знаходзіцца пад вартай. Суд не задаволіў хадайніцтва аб зьмякчэньні меры стрыманьня.

Разглядае справу Кастрычніцкі суд Магілёва пад старшынствам Алены Селядцовай. Наступнае пасяджэньне адбудзецца 16 сьнежня.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG