Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль пра затрыманых на пратэстах: «Ніякіх рэпрэсій няма»


Дзьмітрый Пяскоў
Дзьмітрый Пяскоў

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў усклаў адказнасьць за тое, у якіх умовах утрымліваюцца затрыманыя на масавых акцыях пратэсту, на саміх іх удзельнікаў.

«Гэтая сытуацыя справакаваная не праваахоўнікамі. Гэтая сытуацыя справакаваная ўдзелам у несанкцыянаваных акцыях. У першую чаргу трэба гаварыць пра гэта», — заявіў Пяскоў.

Ён пракамэнтаваў паведамленьні пра дрэнныя ўмовы ўтрыманьня арыштаваных, у прыватнасьці ў цэнтры Сахарава ў Новай Маскве. Па шматлікіх сьведчаньнях саміх арыштаваных, ім гадзінамі даводзіцца чакаць у аўтазаках разьмяшчэньня ў ізалятары, у камэрах не хапае месцаў, ёсьць праблемы з атрыманьнем перадач і нават з вадой.

«Затрыманых больш, чым іх могуць апрацаваць вось гэтыя ізалятары. І затрыманых больш, чым можна аформіць у сьціслыя тэрміны. Таму ўзьнікаюць, на жаль, такія наступствы. Але яшчэ раз паўтараю, тут трэба казаць не пра наступствы. У першую чаргу трэба гаварыць пра тое, што людзі ўзялі ўдзел у незаконных акцыях», — дадаў Пяскоў.

Пяскоў таксама сказаў, што, на яго думку, у Расеі няма цяпер палітычных рэпрэсій. «Ніякіх рэпрэсій няма. Ёсьць меры, якія прымаюцца паліцыяй у дачыненьні да парушальнікаў закону, у дачыненьні да ўдзельнікаў незаконных акцый. Хтосьці зь іх па сваёй волі, хто-небудзь зь іх, быўшы ахвярай падбухторшчыкаў, якія распаўсюджвалі ўсялякія заклікі ўдзельнічаць у гэтых незаконных акцыях, яны ўдзельнічалі, і яны былі падчас гэтых акцый затрыманыя супрацоўнікамі паліцыі і Расгвардыі. Вось што адбываецца», — падкрэсьліў прэс-сакратар кіраўніка Расеі.

  • 23 студзеня і 31 студзеня ў Расеі прайшлі масавыя акцыі ў падтрымку апазыцыянэра Аляксея Навальнага. Таксама мітынгі адбыліся 2 лютага пасьля таго, як суд адправіў заснавальніка Фонду барацьбы з карупцыяй у калёнію. У выніку пратэстаў былі затрыманыя больш за 10 тысяч чалавек. Сотні людзей суды адправілі пад адміністрацыйны арышт. У Маскве і ў Санкт-Пецярбургу іх не змаглі разьмясьціць у ізалятарах часовага ўтрыманьня, таму актывістаў, якія па рашэньні суду павінны адбываць адміністрацыйны арышт, вывозяць за дзясяткі кілямэтраў ад гарадоў у месцы, не прыстасаваныя для адбыцьця пакараньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG