Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына разам з Францыяй, Нідэрляндамі і Нарвэгіяй стварае Цэнтар дакумэнтаваньня парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі


Беларускія актывісткі на пікеце ў Бэрліне, 10 кастрычніка 2020 году
Беларускія актывісткі на пікеце ў Бэрліне, 10 кастрычніка 2020 году

Нямеччына гатовая прымаць пацярпелых ад рэжыму беларусаў і чальцоў іх сем’яў паводле спрошчанай схемы, паведамляе газэта Süddeutsche Zeitung. Перш за ўсё вядзецца пра «ахвяраў катаваньняў».

Палягчэньне візавага рэжыму для беларусаў

Газэта піша, што Нямеччына спрашчае магчымасьць атрыманьня візы для апазыцыянэраў зь Беларусі. Паводле выданьня, размова ідзе пара «ахвяраў катаваньняў», пра актывістаў, якія зазналі перасьлед, і іхных найбліжэйшых сямейнікаў.

Інфармацыю аб спрашчэньні візавага рэжыму агучыў дзяржаўны міністар у справах Эўропы ў МЗС Нямеччыны Міхаэль Рот у адказ на запыт дэпутата партыі «Саюз-90» / «Зялёныя» Мануэля Сарацына.

«Зялёныя» прывіталі гэтае рашэньне як «знак салідарнасьці зь беларускім дэмакратычным рухам», піша Süddeutsche Zeitung.

Газэта піша, што Нямеччына пайшла за прыкладам Літвы і Польшчы, якія зрабілі такі крок раней. Літва з 1 снежня 2020 году выдае свае нацыянальныя візы «для пацярпелых ад рэпрэсій беларусаў» бясплатна. Толькі з канца верасьня па 1 сьнежня ў Літву «з гуманітарных прычынаў» змаглі прыехаць больш за 1300 беларусаў.

Цэнтар дакумэнтаваньня парушэньняў правоў чалавека

Süddeutsche Zeitung піша, што нямецкі плян дапамогі Беларусі коштам 21 мільён эўра прызначаны, сярод іншага, для прасоўваньня незалежных СМІ і стыпэндыяльных праграм.

Але ня толькі. Таксама прадугледжана, паводле Міхаэля Рота, «дакумэнтаваньне і архіваваньне ўчыненых парушэньняў правоў чалавека» ў Беларусі. І гэтая праца таксама патрабуе фінансаваньня.

Стварэньне Цэнтру дакумэнтаваньня парушэньняў правоў чалавек заклікана дапамагчы «пакласьці канец беспакаранасьці злачынцаў і зрабіць магчымым крымінальны перасьлед». Нямеччына, піша газэта, працуе з такімі краінамі, як Францыя, Нідэрлянды і Нарвэгія, каб стварыць такі цэнтар дакумэнтацыі.

Ён пакліканы забясьпечыць магчымасьці для наступнага судовага перасьледу ў Беларусі, але, магчыма, і ў міжнародным судзе. «Ёсьць розныя варыянты», — сказаў Süddeutsche Zeitung прадстаўнік нямецкага міністэрства замежных спраў. Пра гэта, піша газэта, таксама вяліся перамовы зь беларускай апазыцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG