Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны самі ня ведаюць, чаго баяцца». Палітоляг пра тое, чаго чакаць ад рашэньня суду адносна Навальнага


Аляксей Навальны падчас суду над ім, Масква, 2 лютага 2021
Аляксей Навальны падчас суду над ім, Масква, 2 лютага 2021

Сёньня суд разглядае пытаньне пра замену ўмоўнага тэрміну апазыцыянэра Аляксея Навальнага на рэальны — тры з паловай гады калёніі мінус 10 месяцаў, якія ён правёў пад хатнім арыштам.

З раніцы будынак суду ачэплены паліцыяй, ужо адбыліся першыя затрыманьні.

Палітоляг Аркадзь Дубноў расказаў у эфіры «Настоящего времени», чаму ўлады настроеныя на зьняволеньне Навальнага і як гэта можа адбіцца на грамадзкіх настроях.

— Я ня маю аптымістычных чаканьняў адносна рашэньня цяперашняга суду. Ва ўсякім выпадку, калі зыходзіць зь лёгікі, якой мы кіруемся, гледзячы за тым, што адбываецца, я ня бачу перадумоў для таго, каб улада зрабіла крок назад.

Тое, што цяпер паведамілі, што адбыліся ўжо некалькі дзясяткаў затрыманьняў людзей, якія яшчэ наогул не пасьпелі нічога ні прадэманстраваць, ні скаардынавацца ў нейкім масавым парадку, і тым больш не было нават намёкаў на нейкія пагрозьлівыя жэсты, — гэта абсалютна беззаконныя акты. І гэта фактычна яшчэ раз пацьвярджае, што мы ўступілі ў час, калі Расея робіцца паліцэйскай дзяржавай.

Другое — мне здаецца, што ўлада, як і наогул прывыклі генэралы, рыхтуецца да мінулай вайны. Яны цяпер спадзяюцца, што яны пасадзяць Навальнага, забіўшы ў ім сымбаль, мозг пратэсту. Сапраўды гэтак жа, як ім удалося пасадзіць Хадаркоўскага, каб не было магчымасьці элітам кансалідавацца супраць вярхоўнай улады. І гэта ў нейкім сэнсе падзейнічала, але Навальны сёньня выступае зусім у іншай якасьці, чым Хадаркоўскі 15 гадоў таму.

За ім зусім неверагодны па энэргетыцы пласт насельніцтва, у першую чаргу маладых пакаленьняў. І тое, што ўжо на пачатку гэтага году ўлада робіць з Навальнага магутную паходню пратэсту, якую яны спрабуюць схаваць у закрытым памяшканьні, гэта пагражае тым, што гэтае памяшканьне выбухне пажарам, асабліва ў год парлямэнцкіх выбараў. Ужо цяпер пачынаюцца зьнізу магутныя пратэставыя выступы, якія могуць прывесьці да вельмі сур’ёзнай дэстабілізацыі. Улада абсалютна выглядае неразумнай, недальнабачнай, калі не сказаць больш — проста дурной.

Я так бачу сытуацыю, што прэзыдэнт аддаў фактычна ўсе рэсурсы сілавікам, каб утаймаваць гэты пратэст. Палітычная частка адміністрацыі сёньня фактычна на другіх ролях. Надзвычай небясьпечная сытуацыя.

— Мы бачым тое, што зараз адбываецца пад будынкам Масгарсуду, і здаецца, што гэта беспрэцэдэнтныя меры бясьпекі з боку сілавікоў. Як вы думаеце, чаго яны так моцна баяцца?

— Яны на самой справе самі ня ведаюць, чаго баяцца. Ім была дадзена ўстаноўка: «Трымаць і не пушчаць», — на ўсялякі выпадак. У выніку гэта выліваецца ў абсалютна беззаконныя акцыі, якія фактычна сёньня выглядаюць як дзеяньні ў рамках надзвычайнага становішча, якое не абвешчанае. Сапраўды гэтак жа, як гэта было 31 студзеня. Усе элемэнты надзвычайнага становішча — перакрываньне руху транспарту, перакрываньне вуліц, праверка дакумэнтаў, праверка рэчаў, надгляд, які абсалютна незаконны пры адсутнасьці ўвядзеньня надзвычайнага становішча, — гэта, я паўтараю, кажа пра тое, што элемэнты прававой дзяржавы ўжо зусім адкінутыя ўладай і ўлада знаходзіцца ў руках паліцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG