Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя законы вернуць Беларусь нават ня ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы


Праекты зьменаў у заканадаўства, анансаваныя ўладамі, сьведчаць пра тое, што «канцлягер імя Карпянкова», «Паўночная Карэя ў цэнтры Эўропы» — гэта не сацыяльная ўтопія і не фантастычнае перабольшваньне алярмістаў, а зусім магчымая змрочная беларуская пэрспэктыва.

Сьцісла

  • Пры адпаведнай трактоўцы ў краіне пад страхам крымінальнага перасьледу можа быць забаронена ўсялякая крытыка любых дзяржаўных органаў і іх прадстаўнікоў;
  • Гэта будзе вяртаньне нават ня ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы.
  • Новае заканадаўства — гэта дамоклаў меч, прызначаны вісець над галавою кожнага незадаволенага. Яно пераводзіць практычна ўсё насельніцтва ў статус падазраваных.
  • Усё гэта прывядзе да таго, што большасьць беларусаў пакіне беларускі сэгмэнт інтэрнэту, будзе чытаць толькі замежныя рэсурсы і тэлеграм-каналы.

Прапанаваныя ўладамі заканадаўчыя навацыі азначаюць, па сутнасьці, тое, што пры адпаведнай трактоўцы ў краіне пад страхам крымінальнага перасьледу можа быць забаронена ўсялякая крытыка любых дзяржаўных органаў і іхных прадстаўнікоў.

Паводле праекту, публічная «дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня» караецца пазбаўленьнем волі да трох гадоў. Гэта значыць, любую нэгатыўную ацэнку дзейнасьці ня толькі Лукашэнкі, а нават дробнага выканкамаўскага чыноўніка (ужо ня кажучы пра паведамленьні аб зьверствах амапаўцаў) можна будзе трактаваць як іх дыскрэдытацыю з усімі адпаведнымі наступствамі.

Тое ж пакараньне прадугледжана за «наўмыснае распаўсюджваньне ў любой форме загадзя лжывых зьвестак» аб палітычным становішчы Беларусі. То бок, напіша чалавек у сацыяльных сетках, што, на яго думку, Лукашэнка не набраў 80% на выбарах, — і яго абвінавацяць у пашырэньні «лжывых зьвестак». І пойдзе чалавек за краты на тры гады.

А калі грамадзяніна западозраць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту двойчы, то ён атрымае тыя ж тры гады за кратамі.

Таксама пакараньне пагражае ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюджаньне забароненай інфармацыі.

Замах на жыцьцё супрацоўніка праваахоўнага органа караецца пажыцьцёвым зьняволеньнем. Як трактаваць замах? Штурхануў міліцыянта, ухіляючыся ад дубінкі, і апынесься за кратамі да канца жыцьця? Нагадаю, што за рэальнае забойства ў Беларусі даюць, напрыклад, восем гадоў. А тут за «замах на забойства» — пажыцьцёвае зьняволеньне. Ствараецца каста недатыкальных.

Гэта ня проста вяртаньне ў СССР. Гэта вяртаньне нават ня ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы.

Пры адпаведнай трактоўцы ўсё гэта азначае, што ў Беларусі можа быць забаронена пад страхам турэмнага пакараньня іншадумства як зьява.

Іншая справа, як усё гэта будзе выконвацца на практыцы. Бо пасадзіць у турму большую частку насельніцтва нават у лукашэнкаўскай Беларусі будзе складана з чыста тэхнічных прычынаў. Ня хопіць грошай на вартаўнікоў на вышках.

Таму новае заканадаўства — гэта дамоклаў меч, які мусіць вісець над галавою кожнага незадаволенага. Яно пераводзіць практычна ўсё насельніцтва ў статус падазраваных.

І прывядзе да таго, што большасьць беларусаў пакіне беларускі сэгмэнт інтэрнэту, будзе чытаць толькі замежныя рэсурсы і тэлеграм-каналы.

Гэтыя навацыі лішні раз пацьвярджаюць, што дзеля ўтрыманьня ўлады цяперашні рэжым гатовы на любыя, нават самыя адыёзныя, крокі і ня спыніцца ні перад чым.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG