Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ПА АБСЭ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітвязьняў і пакараць адказных за катаваньні


Віцэ-старшыня камітэту правоў чалавека Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Міхаэль Георг Лінк
Віцэ-старшыня камітэту правоў чалавека Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Міхаэль Георг Лінк

Прадстаўнікі камітэту правоў чалавека Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заклікалі ўлад Беларусі вызваліць палітычных вязьняў, а таксама дазволіць візыты міжнародных арганізацый для вывучэньня сытуацыі ў беларускіх турмах.

Яны адзначылі, што міжнародная супольнасьць атрымлівае мноства паведамленьняў пра катаваньні ў Беларусі.

Старшыня камітэту Кір’якас Хадзыяніс (Кіпр) назваў інфармацыю зь Беларусі «вельмі трывожнай» і асабліва заклікаў вызваліць Ігара Лосіка, блогера і кансультанта Радыё Свабода, які нядаўна скончыў 42-дзённую галадоўку. Хадзыяніс падкрэсьліў, што Лосіку пагражаюць гады турмы «проста за спрыяньне камунікацыі. Гэта нельга абгрунтавана лічыць „парушэньнем грамадзкага парадку“, як сьцьвярджаюць улады», — сказаў ён.

Віцэ-старшыня камітэту Міхаэль Георг Лінк (Нямеччына) падкрэсьліў, што міжнародная супольнасьць павінна прыцягнуць улады Беларусі да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека. «АБСЭ і іншыя міжнародныя арганізацыі мусяць павялічыць ціск на ўлады ў Менску, каб тыя паважалі абавязаньні, на якія яны самі добраахвотна пагадзіліся, — сказаў Лінк. — Паведамленьні пра катаваньні і пра недахоп адказнасьці асабліва трывожныя. Калі перасьледуюць ахвяраў катаваньняў, а не выканаўцаў, гэта справа міжнароднай супольнасьці — дапамагчы забясьпечыць справядлівасьць».

Дакладчыца камітэту Кары Генрыксэн адзначыла, што ад жніўня 2020 году, калі адбыліся «спрэчныя» прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, не пачалі ніводнай крымінальнай справы супраць праваахоўнікаў, нягледзячы на добра задакумэнтаваныя выпадкі парушэньняў зь іх боку. «Тым часам сотні крымінальных справаў завялі на мірных пратэстоўцаў, і гэта ўсё больш выглядае як паўнамаштабны напад на іншадумства і фундамэнтальныя свабоды. Гэтыя рэпрэсіі мусяць спыніцца».

Прадстаўнікі камітэту таксама выказалі заклапочанасьць інфармацыяй пра лягер каля Слуцку для затрыманых пратэстоўцаў і аўдыёзапісам, на якім, мяркуецца, прадстаўнік МУС гаворыць пра пляны пабудаваць канцлягеры для палітвязьняў. Яны заклікалі правесьці незалежнае расьсьледаваньне гэтай інфармацыі.

Акрамя таго, прадстаўнікі камітэту нагадалі пра рэкамэндацыі дакладчыка АБСЭ ў рамках маскоўскага мэханізму пра неабходнасьць пакараць у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі тых, хто парушаў правы чалавека ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 9 жніўня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG