Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй» судзяць падлетка


Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе
Віталь Прохараў і ягоная маці Алеся ў судзе

Суд Жлобінскага раёну 1 лютага пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 17-гадовага Віталя Прохарава. Яго вінавацяць у масавых беспарадках і гвалце адносна міліцыі.

Гэта ня першая справа ў дачыненьні да маладых жыхароў прамысловага гораду. На мінулым тыдні суд пачаў разгляд крымінальных спраў па аналягічных артыкулах у дачыненьні да 18-гадовага Аляксандра Кісялёва, 19-гадовага Яўгена Каханоўскага і 21-гадовага Дзьмітрыя Гопты.

Справу падлетка разглядае судзьдзя Ірына Прадун. Дзяржаўны абвінаваўца — Андрэй Аношка. Абараняе непаўналетняга адвакат Міраслаў Кузько.

Паводле абвінавачаньня, Віталь, «выконваючы заклікі ў інтэрнэце», прыняў удзел у масавых беспарадках, каб «незаконнымі спосабамі выказаць свае погляды і з мэтай дэструктыўнай дзейнасьці». Людзі нібыта выгуквалі лёзунгі, адмаўляліся выконваць загады міліцыі, заклікалі міліцыю адмовіцца выконваць свае паўнамоцтвы, кідалі камяні, бутэлькі. Гэта ўсё адбывалася таму, што ўдзельнікі мітынгу «адчувалі азлобленасьць у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Непаўналетні не прызнае віны. Ён кажа, што сапраўды быў каля Палаца культуры мэталюргаў, дзе адбываўся мітынг, але не прымаў у ім удзелу. Пляцоўка каля Палаца культуры — традыцыйнае месца збору мясцовай моладзі. У той дзень Віталь таксама там сустракаўся зь сябрамі. За мітынгам ён назіраў, бо «было цікава». Здымаў на тэлефон відэа. Здымкі пасьля затрыманьня выдалілі ў міліцыі.

«Людзі бегалі, міліцыя бегала... Напэўна, зразумела было, што гэта — незаконна? Вам трэба было там з дваццаці гадзін да гадзіны ночы быць, каб зразумець, што там нешта незаконнае?» — пытаўся пракурор.

Падлетак падышоў да свайго знаёмага, мясцовага блогера Мікіты Грыня, і сказаў (пры гэтым вёўся запіс на відэа), што ён шпурнуў камень у аўтазак. На судзе Віталь патлумачыў, што сказаў так, «каб прапіярыцца», прыцягнуць аўдыторыю на сваю старонку ў Instagram, а насамрэч каменя ня кідаў.

Да суду ён расказаў, што міліцыя затрымала яго 11 жніўня, і пры затрыманьні яго зьбілі. Маці Віталя падавала заяву з гэтай нагоды, падлетак здымаў пабоі, але крымінальнай справы пакуль не распачалі, дагэтуль вядзецца праверка.

На судзе выступілі сьведкі — іншыя непаўналетнія, якія казалі, што бачылі Віталя Прохарава каля Палаца культуры мэталюргаў у ноч з 10 на 11 жніўня. Адзін падлетак бачыў, што Віталь нешта трымаў у руках. Першапачаткова непаўналетні казаў, што гэта быў камень. На судзе ён сказаў, што «гэта мог быць і мабільны тэлефон».

Гэтая публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG