Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегат Усебеларускага народнага сходу ад Веткаўшчыны выступіў за агульныя з расейцамі дзяржаву і войска


Аганэс Айвазбалян. Скрыншот зь Youtube
Аганэс Айвазбалян. Скрыншот зь Youtube

Дэлегат Веткаўскага раёну на Ўсебеларускі народны сход Аганэс Айвазбалян адкрыта выступіў за аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву, з адзінай валютай і агульным войскам.

У інтэрвію рэгіянальнай газэце «Голас Веткаўшчыны» дэпутат райсавету па Хутаранскай выбарчай акрузе № 11 Аганэс Айвазбалян адкрыта выказаўся за ліквідацыю незалежнай Беларусі і яе аб’яднаньне з суседняй Расеяй у адзіную дзяржаву.

«У будучыні я гатовы бачыць Беларусь і Расею адзінай дзяржавай з адзінай валютай і агульным войскам. Спадзяюся, што са зьняцьцем карантыну больш актыўна пачнуць ажыцьцяўляцца сумесныя праекты ў гандлёва-эканамічнай, энэргетычнай і культурна-гуманітарнай галінах».

Частка словаў Айвазбаляна. Скрыншот з vetkagolos.by
Частка словаў Айвазбаляна. Скрыншот з vetkagolos.by

Айвазбалян перакананы, што гэта «пазытыўна адаб’ецца на павышэньні дабрабыту і ўзроўню жыцьця» абодвух народаў, якія дэлегат на Ўсебеларускі народны сход лічыць «братэрскімі».

Дэпутат спадзяецца, што панятак саюзнай дзяржавы замацуюць і ў новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, Айвазбалян выступіў супраць вяртаньня да Канстытуцыі 1994 году і падтрымаў цяперашні дзяржаўны статус расейскай мовы.

«Я не хачу ні цяпер, ні ў будучыні дапусьціць зьмены ў нашай краіне статусу расейскай мовы. Лічу, што яна нароўні зь беларускай павінна заставацца дзяржаўнай. Гэта важна ня толькі для мяне як для настаўніка расейскай мовы і літаратуры па адукацыі, але і для жыхароў нашага рэгіёну, 99% якіх зьяўляюцца носьбітамі менавіта расейскай мовы».

Праўда, паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 году, у Веткаўскім раёне 33,25% чалавек размаўлялі дома на беларускай мове. Першыя ацэнкі вынікаў перапісу 2019 году кажуць хутчэй пра тое, што колькасьць людзей, якія размаўляюць па-беларуску дома, павялічыцца, а ня зьменшыцца.

Таксама дэпутат Айвазбалян выступае за пашырэньне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады. На ягоную думку, у сталіцы ці ў абласным цэнтры ня ведаюць патрэбы мясцовых жыхароў настолькі добра, як тыя, хто пастаянна жыве і працуе на месцы.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG