Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новая газета»: Пры Пуціну РФ выдаткавала $609 мільярдаў на ляяльныя рэжымы і геапалітыку, $109 мільярдаў — на Беларусь


За апошнія дваццаць гадоў расейскія ўлады выдаткавалі 609 мільярдаў даляраў зь дзяржаўнага бюджэту на падтрымку дружалюбных рэжымаў у іншых краінах і геапалітычныя праекты, а каля трыльёна даляраў аселі ў афшорах

Пра гэта піша «Новая газета» са спасылкай на зьвесткі з адкрытых крыніцаў і інфармацыю ад расійскіх чыноўнікаў.

З гэтых грошай 109 мільярдаў даляраў былі вылучаныя на дапамогу Беларусі, 103 мільярды — на дапамогу Ўкраіне (гаворка ідзе пра пэрыяд да рэвалюцыі 2014 году), 32 мільярды — на розныя непрызнаныя рэспублікі.

224 мільярды даляраў расейскія ўлады выдаткавалі на энэргетычныя праекты накшталт «Паўночнага патоку- 2» і «Турэцкага патоку». Экспэрты, апытаныя «Новай газетай», лічаць, што гэтыя праекты наўрад ці акупяцца, бо яны «палітычна матываваныя», а большая частка сродкаў на іх рэалізацыю пайшла ў «кішэню» падрадчыкаў.

Сама Масква адмаўляе абвінавачаньні, што, да прыкладу, з дапамогай «Паўночнага патоку-2» яна імкнецца да палітычнага ўплыву на Эўразьвяз, і называе газаправод выключна эканамічным праектам.

Акрамя таго, за апошнія дваццаць гадоў Расея даравала даўгоў на 116 мільярдаў даляраў. Зь іх 20 мільярдаў — афрыканскім краінам, 12 мільярдаў — Ірану, 11 — Паўночнай Карэі.

Журналісты «Новай газеты» падлічылі, што на грошы, якія за 20 гадоў расейскія ўлады выдаткавалі на геапалітыку, можна было б пабудаваць 15 тысяч новых шпіталяў або пакласьці на назапашвальны рахунак кожнага дарослага расейца па 400 тысяч рублёў (прыкладна па 5 тысяч даляраў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG