Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША выказаў «глыбокую занепакоенасьць» арыштам Навальнага і ня выключыў захадаў у адказ


Энтані Блінкен падчас свайго першага брыфінгу
Энтані Блінкен падчас свайго першага брыфінгу

Новы дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на сваім першым брыфінгу заявіў, што ЗША «глыбока занепакоеныя» арыштам расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага і ў сувязі з гэтым не выключаюць мер у адказ.

«Ягоны голас — гэта голас шмат каго з расейцаў, і ён павінен быць пачуты, а не заглушаны», — прыводзіць Reuters словы Блінкена.

Дзяржсакратар ЗША не ўдакладніў, якія менавіта захады ЗША могуць увесьці супраць расейскіх уладаў, бо Вашынгтон павінен спачатку завяршыць аналіз сытуацыі, перадае CNBC.

Блінкен нагадаў, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн раней распарадзіўся вывучыць інфармацыю аб магчымай ролі Расеі ў такіх падзеях, як хакерскія атакі на Solar Winds, умяшаньне ў выбары ў ЗША 2020 году і выплата ўзнагароджаньняў за напады на вайскоўцаў ЗША ў Аўганістане.

«Як казаў прэзыдэнт [Джо Байдэн], мы праводзім агляд усіх гэтых дзеяньняў, якія выклікаюць у нас глыбокую заклапочанасьць, у тым ліку сытуацыя з Навальным і відавочным выкарыстаньнем хімічнай зброі ў спробе яго забойства», — сказаў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.

У Маскве 27 студзеня прайшлі масавыя ператрусы. Сілавікі прыйшлі ў кватэру Навальнага ў Мар’іне, а таксама ў здымную кватэру, дзе ён жыў апошнія некалькі гадоў. Адваката туды не пусьцілі. Ператрусы таксама прайшлі ў студыі ютуб-каналу «Навальный. LIVЕ», у офісе ФБК, у прэс-сакратара Навальнага і ўдзельніцы Pussy Riot Марыі Алёхінай — адразу па 14 адрасах, дзе жывуць і працуюць прыхільнікі палітыка Аляксея Навальнага, а таксама іншыя вядомыя апазыцыянэры.

Пасьля на 48 гадзін былі затрыманыя брат апазыцыянэра Алег Навальны, Любоў Собаль, Марыя Алёхіна. Сьледчыя мерапрыемствы праходзілі ў межах крымінальнай справы аб парушэньні санітарна-эпідэмічных правілаў, заведзенай пасьля мітынгаў у абарону Аляксея Навальнага, які знаходзіцца пад арыштам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG