Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён здольны аб’яднаць людзей з розных сфэраў». Юры Губарэвіч расказаў аб працы ў камандзе Латушкі


Юры Губарэвіч, Плошча Незалежнасьці, 25 жніўня 2020 года
Юры Губарэвіч, Плошча Незалежнасьці, 25 жніўня 2020 года

24 гады таму Юры Губарэвіч быў сярод стваральнікаў «Маладога фронту». Пяты год ён узначальвае рух «За свабоду». Чым апазыцыйны палітык займаецца ў камандзе Паўла Латушкі, які дзяржаўнай службе аддаў на год больш, чым Губарэвіч — на змаганьне зь ёю?

Гэтымі днямі Юры Губарэвіч знаходзіцца ў Варшаве. Палітык запэўнівае, што гаворкі пра эміграцыю няма, у сталіцу Польшчы ён завітаў усяго на некалькі дзён.

«Плянаў зьяжджаць зь Беларусі няма. Я тут, каб паразмаўляць з калегамі пра пляны, у першую чаргу пра тыя, за якія я адказваю. Я ўжо ня першы раз пакідаю на кароткі тэрмін Беларусь. Вядома, прадказаць нашую ўнутраную сытуацыю немагчыма, бо людзей затрымліваюць, даюць розныя тэрміны, заводзяць крымінальныя справы абсалютна беспадстаўна. Але мне асабіста баяцца няма чаго. Я ніколі не парушаў законаў, нават лукашэнкаўскіх, абсалютна недэмакратычных».

Тым ня менш Губарэвіч — сьведка па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, як і іншыя чальцы яе асноўнага складу.

«Тут няма перакосу ў бок былых чыноўнікаў»

У Народным антыкрызісным кіраўніцтве Юры Губарэвіч адказвае за рэгіянальнае разьвіцьцё. Свой удзел у камандзе, якая складаецца ў значнай меры з былых дзяржаўных службоўцаў, ён называе «ўнясеньнем балянсу».

«Зараз мы ўсе аб’яднаныя адзінай мэтай — гэта перамены ў Беларусі, як мага хутчэйшае вяртаньне да нармальнага жыцьця і вяртаньне народу права прымаць рашэньні ва ўласнай краіне. Усе тыя людзі, якія, нягледзячы на іх мінулае, стаяць цьвёрда на гэтых мэтах, складаюць адзіную сілу. Унікальнасьць пляцоўкі Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў тым, што Павал Латушка здольны аб’яднаць людзей з розных сфэраў. Тут няма перакосу ў бок былых чыноўнікаў. Усё арганічна дапаўняецца новымі людзьмі, якія прыйшлі ў пратэст у мінулым годзе, са сфэраў, якія ня тычацца палітыкі».

«Людзям трэба вярнуць права прымаць рашэньні на лякальным узроўні»

Нядаўна Юры Губарэвіч прадставіў дакумэнт, які апісвае дзеяньні Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва да і падчас пераходнага пэрыяду ў галіне разьвіцьця рэгіёнаў. У інтэрвію Свабодзе палітык расказаў пра свае прапановы.

  • Мы сталі спадкаемцамі сыстэмы СССР, калі шэсьць абласьцей БССР выглядалі нармальна на фоне такога ж падзелу ў суседніх рэспубліках. Цяпер гэтая сыстэма безнадзейна састарэла. Мы бачым лішні ўзровень. Частка буйных гарадоў, якія разьмешчаныя далёка ад сваіх абласных цэнтраў, будуюць свае эканамічныя сувязі з буйнымі гарадамі іншых абласьцей. Сыстэма не працуе.
  • Другі момант — бюракратыя. Трохузроўневая сыстэма кіраваньня міліцыяй, такая ж сыстэма вэртыкалі, судоў і г. д. Гэта калясальная армія чыноўнікаў, якія дублююць функцыі адзін аднаго. Рэформа — гэта і скарачэньне бюракратычнага апарату, і набліжэньне гаспадарчых сувязяў вакол тэрыторый, якія склаліся арганічна. Такіх прыблізна 16 на нашай мапе.
  • Павінна адбыцца рэформа мясцовага самакіраваньня. Людзям трэба вярнуць права прымаць рашэньні на лякальным узроўні. Большасьць рашэньняў, якія датычаць жыцьця чалавека, побытавага абслугоўваньня і інфраструктуры, прымаюцца на высокім узроўні або тымі органамі, якія не фармуюцца жыхарамі.
  • Цяпер неабходна зьбіраць дадзеныя аб усіх рэпрэсіях з боку мясцовых органаў улады, аб фальсыфікацыі выбараў. Трэба раскрываць усе злачынствы чыноўнікаў — у тым ліку карупцыйныя схемы. Таксама важна арганізаваць кантроль за працай дэпутатаў усіх узроўняў.
  • Татальных і неабгрунтаваных зачыстак ня будзе. Гэтым мы адрозьніваемся ад цяперашняй улады, якая праводзіць масавыя рэпрэсіі. Рашэньні будзе прымаць незалежны суд. Але ў рэгіёнах энтузіязм да незаконнай дзейнасьці праяўляе лічаная колькасьць людзей.
  • Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва правядзе конкурс «Кадравая рэзэрва», каб знайсьці замену рэгіянальным чыноўнікам, якія ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях, карупцыйных схемах і па-іншаму парушалі закон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG