Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Параўноўвалі з кухаркамі, якія павінны баршчы варыць», — найлепшая футбалістка Беларусі, якая выступіла супраць гвалту


Натальля Васкабовіч
Натальля Васкабовіч

Найлепшая футбалістка Беларусі ў 2016 і 2017 гадах, брамнік Натальля Васкабовіч адзіная з жаночай зборнай Беларусі па футболе падпісала ліст вольных спартоўцаў.

Спартоўка расказвае пра асьцярогі футбалістак, тлумачыць, чаму трэба цяпер скасоўваць сусьветныя чэмпіянаты сьвету ў Беларусі, ацэньвае стан жаночага футболу ў Беларусі і сьмяецца са стэрэатыпаў кшталту «ногі праз футбол стануць крывыя».

Глядзіце размову на відэа.

  • Натальля Васкабовіч, 27 гадоў. Нарадзілася ў Менску. Беларуская футбалістка, гуляе на пазыцыі брамніка, выступае за жаночую зборную Беларусі. Найлепшая футбалістка краіны ў 2016 і 2017 гадах. Выступала за жаночы футбольны клюб «Менск». З 2021 году будзе гуляць за пермскі клюб ««Звезда-2005». Пасьля фіналу Кубка Беларусі-2020 пры канцы жніўня Васкабовіч паказала трыбунам знак перамогі і кулак — сымбалі мірных пратэстоўцаў.


Асноўныя тэзісы Натальлі Васкабовіч:


Пра ліст вольных спартоўцаў


— Падпісаць яго было для мяне прынцыповым, бо я не магла сядзець і спакойна глядзець на гвалт сілавікоў, на жах і кашмар у Беларусі пасьля выбараў. Ня страшна страціць працу, страшна жыць у краіне, дзе ёсьць гвалт. Я хачу жыць у краіне, дзе ёсьць свабода слова, дзе за грамадзянскую пазыцыю ня будуць біць і арыштоўваць. Была сытуацыя, калі ў клюб прыслалі ліст за цяперашнюю ўладу, і трэба было выбіраць — альбо ты за гэтую ўладу і гвалт, альбо ты супраць усяго. Я лічу, што трэба жыць паводле сумленьня, і маё сумленьне не дазволіла мне выбраць гвалт. Таму я падпісала ліст вольных спартоўцаў. Мае блізкія не пацярпелі ад рэпрэсій, але многія спартоўцы пацярпелі. Я вельмі моцна перажывала іх арышты. Гэта быў і па мне ўдар, што спартоўцы — адна вялікая сям'я.


Пра праўладны ліст і настроі футбалістак і футбалістаў


— Практычна ўсе клюбы — на дзяржаўным фінансаваньні. Напэўна, таму дзяўчаты не наважыліся падпісаць ліст вольных спартоўцаў, бо гэта магло паўплываць на іх працу ў камандзе, яны маглі нажыць сабе ворагаў, тых жа кіраўнікоў. Я думаю, гэта быў страх выказаць нязгоду. Але пры гэтым большасьць маіх аднаклюбніц асуджалі гвалт. Гэта выбар кожнага — як жыць, што рабіць і чаго не рабіць.

Пра новы сэзон у Расеі ў пермскай камандзе «Звезда-2005»


— Гэта не зьвязана з палітыкай. Проста нармальная сытуацыя, калі гулец едзе гуляць за іншы клюб у іншую краіну. Я даўно хацела пагуляць за мяжой на больш высокім узроўні. Цяпер расейскі чэмпіянат нашмат вышэйшага ўзроўню, чым беларускі. Мяне запрасілі, і я пагадзілася.


Пра жаночы футбол у Беларусі

Натальля Васкабовіч
Натальля Васкабовіч

— У Беларусі інтарэс ня вельмі вялікі да жаночага футболу, але не сказала б, што вялікі інтарэс ёсьць і да мужчынскага футболу. На нашы гульні летась прыходзіла шмат заўзятараў, на некаторых гульнях заўзятараў было нават болей, чым на гульнях мужчынскіх камандаў у вышэйшай лізе. Інтарэс да жаночага футболу расьце. Ва ўсім сьвеце адбываецца разьвіцьцё жаночага футболу, і Беларусь не засталася ўбаку. З 2021 году ў структуры кожнай мужчынскай каманды вышэйшай лігі павінна быць група дзяўчынак да 10 гадоў. Гэта патрабаваньне для атрыманьня ліцэнзіі. Я лічу, што жаночы футбол больш відовішчны. Заўзятары кажуць, што ён нашмат больш эмацыйны. Розьніца ёсьць у хуткасьцях, тут нам з мужчынскім футболам не параўнацца. Мужчыны больш тэхнічныя і моцныя.

Пра сэксізм і перадузятае стаўленьне да жаночага футболу


— Шмат разоў нам казалі, што гэта не жаночы від спорту, нас параўноўвалі з кухаркамі, якія павінны баршчы варыць, а ня бегаць па полі, як мужчыны. Я лічу гэта старымі памылковымі поглядамі. Шмат жартуюць, ці мяняемся мы майкамі пасьля гульняў. Некаторыя ня вераць, што ў нас ёсьць жаночы футбол, пытаюцца, ці такое самае поле ў нас, як у мужчын, ці гэтак жа 45 хвілін тайм доўжыцца, ці такія ж брамы. Для мяне гэта дурныя пытаньні, бо футбол адзін на ўсіх. Ёсьць футбол, і ў яго гуляюць спартоўцы і спартоўкі.

Пра тое, як стала футбалісткай


— Мы з братам двайняты, у дзяцінстве ў дварах разам вельмі шмат гулялі ў футбол. Мне ўсе казалі, каб я ў сэкцыю запісалася. Спачатку не наважвалася, да таго ж мама казала, што ногі крывыя будуць. Ёсьць такі стэрэатып пра жаночы футбол. Урэшце я ўсьвядоміла, што гатовая і магу паспрабаваць. У маёй цёткі ў падʼезьдзе жылі трэнэры жаночых футбольных камандаў і вісела абвестка аб наборы ў сэкцыю. Я пазваніла, мяне запрасілі, і вось ужо 11 гадоў гуляю ў футбол.


Пра футбольную мару


— Я хацела б гуляць у самым моцным клюбе ў Эўропе, у францускім «Леоне». Гэта цяжка, там калясальны адбор, але мне вельмі хацелася б трапіць у каманду такога ўзроўню — «Барсэлёну», «Лівэрпуль», «Арсэнал» ды іншыя. Беларускія футбалісткі яшчэ не траплялі ў такія клюбы, але спадзяюся, што гэта адбудзецца.


Пра заклік фонду спартовай салідарнасьці да УЭФА ўвесьці санкцыі супраць беларускіх спартовых чыноўнікаў


— Я лічу, што не павінны пацярпець гульцы. Трэбы жыць сумленна. Калі ёсьць парушэньні з боку футбольнай фэдэрацыі і ёсьць доказы парушэньняў, то трэба пакараць санкцыямі. У УЭФА сядзяць недурныя людзі. Ёсьць парушэньні — трэба пакараць. Няма парушэньняў — жывем спакойна. Я лічу, што хакейны чэмпіянат сьвету, чэмпіянат сьвету па пяціборʼі — гэта сьвята для беларускага народу, але на дадзены момант ні пра якія сьвяты ня можа ісьці размова. Як і большасьць беларусаў, як грамадзянка гэтай краіны, я мару, каб увесь гэты жах скончыўся, каб у нас была мірная краіна са свабодай слова, каб мітынгі не праходзілі з агнём і не заканчваліся турмой ці шпіталем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG