Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля допісу з асуджэньнем гвалту над мэдыкамі звольнілі галоўнага інфэкцыяніста Менску


Акцыя пратэсту мэдыкаў. Менск, жнівень 2020 году.
Акцыя пратэсту мэдыкаў. Менск, жнівень 2020 году.

Мікіта Салавей больш не працуе галоўным пазаштатным інфэкцыяністам Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму. На гэтай пасадзе ён быў ад сьнежня 2016 году.

«Ад сёньняшняга дня галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Менску — Сьвятаслаў Вельгін», — пацьвердзіў Мікіта Салавей парталу Tut.by.

Мікіта Салавей — адзін з самых вядомых беларускіх інфэкцыяністаў, неаднойчы ладзіў онлайн-стрымы аб прафіляктыцы каранавіруснай інфэкцыі і вакцынацыі. Ён застаецца дацэнтам катэдры інфэкцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту.

Летась у лістападзе Мікіта Салавей стаў сябрам Каардынацыйнай рады.

Напярэдадні адстаўкі ён пакінуў востры допіс на сваёй старонцы ў Facebook, у якім рэзка раскрытыкаваў перасьлед сваіх калегаў.

«Нягледзячы на пандэмію COVID-19 і нястачу работнікаў у шэрагу ўстаноў аховы здароўя працягваецца беспрэцэдэнтны прэсінг на мэдыкаў. Выпадкі затрыманьняў становяцца ўсё больш абсурднымі, адбываюцца на падставе лжэсьведчаньняў, не паддаюцца ніякай лёгіцы і ўжо не выклікаюць нічога, акрамя абурэньня і агрэсіі сярод прадстаўнікоў мэдычнай супольнасьці», — напісаў ён, пералічыўшы затрыманых і арыштаваных мэдыкаў за апошні час.

Мікіта Салавей — аўтар больш як 80 навуковых публікацый, сябра Эўрапейскага таварыства клінічнай мікрабіялёгіі і інфэкцыйных хваробаў (ECSMID), Эўрапейскай акадэміі нэўралёгіі (EAN), Міжрэгіянальнай асацыяцыі клінічнай мікрабіялёгіі і антымікробнай тэрапіі (МАКМАХ).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG