Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванага на 114 дзён Яна Салановіча выпусьцілі без тлумачэньня прычын


Ян Салановіч

Былога студэнта БДУІР Яна Салановіча, які зь лістапада знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсціна, позна ўвечары 25 студзеня адпусьцілі адтуль без тлумачэньня прычын, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Яна Салановіча, не выпускаючы з-за кратаў, судзілі 8 разоў за ўдзел у акцыях пратэсту. Агулам ён мусіў адбыць 114 содняў арышту і выйсьці толькі 23 лютага.

За некалькі гадзін да вызваленьня стала вядома, што Салановіча адлічылі з апошняга курсу БДУІР. Раней Яна прызналі палітычным зьняволеным.

Маці Яна Салановіча, якога, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», датэрмінова выпусьцілі зь ЦІП на Акрэсьціна, адмовілася камэнтаваць сытуацыю:

«Мы ніякіх камэнтароў па гэтым пытаньні пакуль што не даем. Пакуль што так. Ніякіх камэнтароў. У нас няма ніякай інфармацыі, каб можна было нешта камэнтаваць».

Маці таксама адмовілася пацьвердзіць, што Ян знаходзіцца дома.

Што расказаў адвакат

З аповеду адваката хлопца Дзьмітрыя Пігуля тэлеканал «Белсат» даведаўся, што Вользе Салановіч увечары 25 студзеня патэлефанаваў нехта з ЦІПа на Акрэсціна і сказаў, што Яна «выганяюць», маўляў, прыязджайце, забірайце. Больш ніякіх тлумачэньняў, падрабязнасьцяў не было.

На якіх юрыдычных падставах адбылося вызваленьне, адвакат Яна не ведае.

«Як раз сёньня 26 студзеня я звярнуўся ў Менскі гарадзкі суд, дзе на разглядзе знаходзяцца чатыры мае наглядныя скаргі на пастановы суда Партызанскага раёну аб спагнаньні ў дачыненьні да Яна, – распавёў адвакат. – Даведаўся, што ніякіх пастаноў аб адмене былых рашэнняў не было. То бок, суд не вызваляў Яна, не зьмяншаў яму тэрмін арышту».

Такім чынам у любы момант могуць забраць даседжваць содні. Але ў Яна застаюцца яшчэ 28 содняў, і цяпер цалкам магчыма, што па ўжо звыклым сцэнары яго могуць забраць у любы момант. Спадар Пігуль кажа, што не разумее, паводле якой логікі адбылося вызваленьне, да чаго яго маглі «прывязаць».

Адвакат перакананы, што справа Салановіча ад самага пачатку вялася з парушэньнямі дзейнага працэсуальна-выканаўчага кодэксу.

«Па 7 з 8 эпізодаў удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах паводле арт.7.4 КаАП мусіла быць вынесеная адна пастанова. І максымальна гэта мусіла быць 25 содняў. А яму штотыдзень складалі пратакол, і кожны раз па 14-15 содняў, у выніку атрымалася 114 содняў», – тлумачыць абаронца.

Спадар Пігуль паразмаўляў з Янам пасьля ягонага вызваленьня, і зазначае, што хлопец добра трымаецца.

«Ён моцны хлопец, стойкі. Закаліўся яшчэ больш у тых жахлівых умовах – без шпацыраў, душа, карэспандэнцыі, без матрацу на ложку нават ноччу», – кажа адвакат.

Пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня распавядала раней і мама Яна.

Яна Салановіча затрымалі летась 1 лістапада падчас маршу ў Курапаты. Назаўтра яго асудзілі на 12 дзён арышту, але, адседзеўшы іх, на волю Ян так і ня выйшаў. Як пазьней высьветліў адвакат, падчас разбору малады чалавек паведаміў, што на знак пратэсту выходзіў на вуліцу ад жніўня, і пералічыў 15 эпізодаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG