Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту са Швэцыі, якога затрымлівалі ў Беларусі, заклікаў неадкладна дзейнічаць дзеля выратаваньня Лосіка


Ігар Лосік галадае ў Жодзінскім СІЗА 41 дзень.

Дэпутат Густаў Гётбэрг лічыць, што Швэцыя ня мае права марудзіць зь дзеяньнямі дзеля вызваленьня і выратаваньня беларускага палітвязьня Ігара Лосіка.

Прадстаўнік швэдзкай Умеранай кааліцыйнай партыі (Moderata samlingspartiet) Густаў Гётбэрг выказаўся ў сваім твітэры ў падтрымку палітзьняволенага Ігара Лосіка, які ўжо 41 дзень трымае галадоўку.

«Ігар асьвятляе камэру, у якой знаходзіцца, і цяпер ён памірае ад галадаваньня ў беларускай турме. Жонка Дар’я і маленькая дачка ня бачылі яго ўжо шмат месяцаў. Ягоная віна заключаецца ў вядзеньні блогу, што выступае супраць злачынстваў, за якія адказны Лукашэнка. Швэцыя павінна дзейнічаць супраць такога. Гэта тэрмінова».

Дэпутат Эўрапарлямэнту, які займаецца праблематыкай Беларусі, краінаў Балтыі, Расеі, у жніўні наведваў Менск, дзе назіраў за прэзыдэнцкімі выбарамі. Яго затрымалі нібыта за перашкоду працы выбарчай камісіі і пратрымалі сем гадзін у пастарунку. Пасьля гэтага Гётбэрга аштрафавалі.

Галадоўку на знак пратэсту Ігар Лосік абвясьціў 15 сьнежня, калі яму прад’явілі новыя абвінавачаньні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Раней Лосіка абвінавачвалі ў арганізацыі альбо падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG