Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Тамаша Грыба


Тамаш Грыб
Тамаш Грыб

Падзеі 25 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

25 студзеня 1938 году ў Празе памёр Тамаш Грыб, беларускі грамадзкі, палітычны і культурны дзеяч.


«Адзін зь ягоных біёграфаў назваў Тамаша Грыба рыцарам беларускай свабоды. І сапраўды, Тамаш ня проста шчасьліва адчуў яе жыцьцядайны подых, але быў сярод тых, хто закладаў шлях Беларусі ў будучыню. Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду, на які прыяжджае з фронту. Народны сакратар земляробства ў першым урадзе БНР. Выдавец віленскай газэты «Грамадзянін», на старонках якой змагаўся супраць манапалізацыі сацыялістычнай ідэі адной партыяй. Стваральнік Беларускай партыі сацыялістаў рэвалюцыянэраў. Вязень польскіх турмаў.

На пачатку 1920-х ён зьявіўся на вуліцах Златай Прагі — прыехаў вучыцца, яшчэ не здагадваючыся, што тут яму наканавана застацца да канца дзён. У Карлавым унівэрсытэце, дзе беларусы здабывалі адукацыю яшчэ з часоў Сярэднявечча, Грыб абараніў доктарскую дысэртацыю на тэму «Пытаньне народу і нацыі» і стаў у нашай эміграцыі адным зь лідэраў. Адрозна ад шмат каго з нацыянальных дзеячаў, ён пасьлядоўна выступаў супраць выезду ў БССР, дзе ўсе вяртанцы чамусьці хутка зьнікалі. «Пакіньце займацца дурніцай», — ляпідарна адказаў ён на запрашэньне ўзяць у 1926 годзе ўдзел у ладжанай Інбелкультам менскай Акадэмічнай правапіснай канфэрэнцыі, адкуль, да прыкладу, ужо ня здолеў купіць білет дадому ў Вільню Францішак Аляхновіч.

У апошнія гады свайго кароткага жыцьця Тамаш зблізіўся зь лідэрам расейскіх эсэраў Віктарам Чарновым. Легендарны рэвалюцыянэр прызнаваўся, што мяноўна беларус Грыб дапамог яму асэнсаваць ці не найістотнейшую памылку ўсяго расейскага эсэраўскага руху — няздольнасьць убачыць іншыя народы імпэрыі.

Там, у Празе, Тамаш Грыб пісаў: «Я або прыеду ў Менск як вольны грамадзянін, або назаўсёды застануся эмігрантам. Можа быць, хто-небудзь найдзе мае каштоўныя рукапісы... Працую для будучых пакаленьняў».

Аднаго з братоў маёй мамы звалі Тамаш. Магчыма, некалі так назавуць майго ўнука — прадстаўніка тых самых будучых пакаленьняў, пра якія ў дваццатыя гады мiнулага стагодзьдзя марыў Тамаш Грыб»
.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 174–175

Таксама ў гэты дзень

1831 — польскі сойм абвясьціў пра скіданьне расейскага цара Мікалая І з польскага пасаду. Узьнікненьне лёзунгу «За вашу і нашу свабоду!»

1858 — падчас вясельля прускага кронпрынца Фрыдрыха і дачкі ангельскай прынцэсы Вікторыі прагучаў Вясельны марш Мэндэльсона. Пасьля гэтай цырымоніі марш атрымаў шырокую папулярнасьць

1924 — у францускім альпійскім гарадку Шамані пачаліся першыя зімовыя Алімпійскія гульні

1972 — у Менску нарадзіўся мільённы жыхар

2004 — Міхэіл Саакашвілі заступіў на пасаду прэзыдэнта Грузіі

Міхеіл Саакашвілі, студзень 2004
Міхеіл Саакашвілі, студзень 2004

2011 — у Эгіпце пачалася рэвалюцыя, якая прывяла да зрынаньня прэзыдэнта Хосьні Мубарака

Рэвалюцыя ў Эгіпце, Каір, плошча Тахрыр, 2011
Рэвалюцыя ў Эгіпце, Каір, плошча Тахрыр, 2011

У гэты дзень нарадзіліся

1759 — Робэрт Бёрнс, шатляндзкі паэт

1804 — Антон Адынец, паэт, перакладчык, мэмуарыст, выдавец

Антон Адынец
Антон Адынец

1844 — Кацярына Брэшка-Брэшкоўская, ураджэнка Віцебскай губэрні, «бабуля рускай рэвалюцыі», расейская рэвалюцыянэрка, першая жанчына-палікатаржанка, сябра ЦК партыі эсэраў і баявой арганізацыі гэтай партыі

1869 — Адам Гурыновіч, беларускі паэт

1938 — Уладзімір Высоцкі, расейскі бард, паэт і актор

Уладзімір Высоцкі
Уладзімір Высоцкі

1955 — Аляксандар Лакотка, беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, дырэктар Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы

Аляксандар Лакотка
Аляксандар Лакотка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG