Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маладачанскім раёне ўшанавалі магілу паўстанцаў 1863 году. ФОТА


Ушанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году ў Плябані

Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, польскія і літоўскія дыпляматы ўсклалі кветкі да помніка пяці паўстанцам на каталіцкіх могілках у Плябані побач зь мястэчкам Краснае пад Маладэчнам.

Такім чынам яны ўшанавалі 158-ю гадавіну пачатку вызвольнага паўстаньня 1863 году, якое ў Беларусі і Літве прайшло пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Гістарычная значнасьць мясцовых могілак падкрэсьліваецца ня толькі старадаўнасьцю пахаваньняў, а і асобамі, якія знайшлі тут свой апошні прытулак. Сярод іх паўстанцы Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Леапольд Банькоўскі, Людвік Ямант і 15-гадовы Ігнацы Сулістроўскі.

Помнік паўстанцам
Помнік паўстанцам

Яны загінулі ў баі з царскімі карнікамі 23 сакавіка 1863-га ў раёне вёскі Сьвечкі. На магіле паўстанцаў у 1921 годзе паставілі помнік. Пасьля Другой сусьветнай вайны на могілках нікога больш не хавалі, мясцовы люд пра герояў забыўся.

Вярнулі памяць зь нябыту гісторыкі і грамадзкія дзеячы Міхась Чарняўскі і Зянон Пазьняк, якія аднойчы пачулі ад мясцовага жыхара пра забітых і пахаваных паўстанцаў. Так пахаваньне вярнулася нашчадкам.

Часовы павераны ў справах амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі на цырымоніі заявіў, што Студзеньскае паўстаньне — сымбаль сумеснай барацьбы палякаў, літоўцаў і беларусаў.

«Тое паўстаньне было вельмі важным для нашага сумеснага змаганьня з царскімі акупантамі за незалежнасьць. У даваенныя гады тут быў таксама ўсталяваны помнік салдатам Корпусу аховы межаў. У 1990-я беларускія дэмакраты і актывісты яго адрамантавалі, прывялі да ладу», — адзначыў Марцін Вайцяхоўскі.

Кветкі і сьвечкі ля помніка
Кветкі і сьвечкі ля помніка

Часовая павераная ў справах амбасады Літвы ў Менску Аста Андрыяўскене сказала, што паўстаньне 1863 году стала гістарычнай падзеяй, важнай ня толькі для тагачасных літоўцаў, палякаў і беларусаў, а і для іхных нашчадкаў.

«Лёзунг удзельнікаў паўстаньня сёньня актуальны як ніколі. Мы цэнім паўстанцаў і ўсіх, хто і цяпер змагаецца за свабоду», — сказала Аста Андрыяўскене.

Прамаўляе гісторык Ігар Мельнікаў
Прамаўляе гісторык Ігар Мельнікаў

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў зьвярнуў увагу, што паўстаньне 1863 году займае асаблівае месца ў гісторыі яго краіны.

«З гэтага моманту, у 1863 годзе, у нас адбываецца працэс стварэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці сучасных беларусаў», — падкрэсьліў Ігар Мельнікаў.

У Беларусі вядома некалькі дзясяткаў месцаў, дзе ёсьць магілы ўдзельнікаў паўстаньня 1863 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG