Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акт палітычнай расправы». Марыя Калесьнікава патрабуе ад генпракурора спыніць яе крымінальныя справы


Аляксандар Калесьнікаў

Аляксандар Калесьнікаў, бацька зьняволенай актывісткі Марыі Калесьнікавай, расказаў, што напярэдадні зь ёй сустрэлася адвакатка Людміла Казак.

Па яго словах, дачка падрыхтавала заяву ў Генэральную пракуратуру з хадайніцтвам аб прыпыненьні крымінальнага перасьледу па наноў пачатых справах.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што яе дзеяньні нібыта спрыялі «росту пратэставых настрояў». Марыя, у сваю чаргу, расцэньвае гэта як «беспрэцэдэнтны ціск і акт палітычнай расправы».

Другую навіну Аляксандар Калесьнікаў назваў «добрай»: упершыню за доўгі час дачка пабачыла... сьнег і вакзал у Жодзіне.

«Учора пасьля працяглага перапынку атрымаў дзьве весткі ад дачкі — невялікі ліст і паштоўку. Маша каротка расказвае пра сваё «рамантычнае падарожжа» з Жодзіна ў Менск. Нічога новага няма, акрамя таго, што мяне вельмі расчуліла: апісвае гэта як «прыгоду». Можаце ўявіць: цягам больш як трох месяцаў ня бачыла нават сьнегу. Вось якія перажывала эмоцыі і пачуцьці: «У працэсе пераезду радавалася сьнегу і начной цішыні на жодзінскім вакзале. Менавіта адтуль ехаў цягнік на Менск», — працытаваў бацька допіс дачкі.

На пачатку студзеня Марыю Калесьнікаву перавялі з Жодзінскай турмы ў СІЗА № 1 Менску. Разам зь іншымі чальцамі Каардынацыйнай рады яна фігурантка крымінальнай справы «аб спробе захопы ўлады».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG