Лінкі ўнівэрсальнага доступу

89% палякаў сочаць за пратэстамі ў Беларусі, — вынікі сацапытаньня


Жаночая акцыя ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Лодзь, Польшча, 10 кастрычніка 2020 году
Жаночая акцыя ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі. Лодзь, Польшча, 10 кастрычніка 2020 году

У Польшчы беларускія падзеі ўспрымаюць як адзін з элемэнтаў бясьпекі сваёй краіны.

Апошнія падзеі ў Беларусі, дзе масавыя акцыі пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не згасаюць са жніўня 2020 году, прыцягнулі ўвагу польскай грамадзкай думкі да палітыкі ўладаў Польшчы на ўсходнім кірунку. Яны ўспрымаюцца як важны элемэнт бясьпекі.

Да такой высновы прыйшлі дасьледчыкі Цэнтру польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня (Варшава, Польшча) па выніках сацыялягічнага апытаньня «Палякі аб усходняй палітыцы». Гэты цэнтар — дзяржаўная ўстанова, створаная для дыялёгу з расейскай грамадзкасьцю.

У прыватнасьці, 68% палякаў лічаць, што ў інтарэсах Польшчы падтрымліваць незалежнасьць Беларусі, каб наблізіць краіну да Эўрапейскага Зьвязу, 20% ставяцца нэўтральна, 8% — нэгатыўна, а 3% не змаглі адказаць на пытаньне.

Апытаныя лічаць, што галоўнай мэтай палітыкі Польшчы ў дачыненьні да Беларусі павінна стаць:

  • падтрыманьне яе незалежнасьці — 28% рэспандэнтаў;
  • дапамога польскім бізнэсоўцам, якія інвэстуюць у беларускую эканоміку, —20%;
  • падтрымка апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, якія перасьледуюцца ў Беларусі, — 19%;
  • падтрымка польскай дыяспары ў Беларусі — 18%;
  • клопат пра польскую культурную спадчыну ў Беларусі — 12%,
  • і яшчэ 3% не змаглі адказаць на гэтае пытаньне.

Пры гэтым

  • 89% апытаных адзначылі, што сочаць за пратэстамі ў Беларусі рэгулярна, час ад часу ці рэдка;
  • толькі 10% паведамілі, што іх не цікавіць пратэставы рух у суседняй краіне;
  • 62% палякаў лічаць, што іхная дзяржава, нягледзячы на фінансавыя праблемы і пандэмію, павінна падтрымаць беларусаў, якія пакутуюць ад палітычных рэпрэсіяў.

Беларускіх мігрантаў падтрымліваюць

  • 62% апытаных палякаў,
  • 17% — супраць,
  • 22% не змаглі адказаць на пытаньне.

Тыя, хто падтрымлівае міграцыю зь Беларусі, найчасьцей абгрунтоўвалі сваю пазыцыю пазытыўным уплывам беларускай міграцыі на эканоміку і рынак працы, складанай сытуацыяй у Беларусі, блізкасьцю польскага і беларускага народаў.

«Палякі ўважліва сочаць за падзеямі за ўсходняй мяжой, асабліва за пратэстамі ў Беларусі. Нашы дасьледаваньні паказваюць, што адной з галоўных мэтаў польскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі павінна стаць падтрымка імкненьня да незалежнасьці і годнасьці ў гэтай краіне. Больш за тое, гэта павінна быць і фінансавая падтрымка, незалежна ад нашых уласных праблем, якія могуць зьявіцца ў выніку барацьбы з пандэміяй», — рэзюмавалі польскія дасьледчыкі.

У дасьледаваньні вывучалася стаўленьне палякаў да беларусаў, украінцаў і расейцаў. Найбольш пазытыўна рэспандэнты выказваліся пра беларусаў і ўкраінцаў.

Цэнтар польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня створаны ў 2011 годзе паводле адмысловага закону, ухваленага парлямэнтам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG