Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская возьме ўдзел у слуханьнях у Радзе бясьпекі ААН аб сытуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Онлайн-слуханьні ў Радзе бясьпекі ААН па сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі пройдуць 22 студзеня, у іх возьме ўдзел экс-кандыдат у прэзыдэнты Святлана Ціханоўская

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу палітыка, сустрэча ініцыяваная чальцамі Рады бясьпекі — Эстоніяй, Францыяй, Ірляндыяй, Нарвэгіяй, Вялікай Брытаніяй і ЗША.

Як адзначае прэсавая служба Ціханоўскай, яна мае намер зьвярнуць ўвагу на справу Ігара Лосіка, які галадае больш за месяц, журналістак Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевой, Дар’і Чульцовой, мэдыямэнэджэра Андрэя Аляксандрава.

Акрамя таго, яна раскажа пра справу Сяргея Ціханоўскага, па якой судзяць Дзьмітрыя Фурманава, Уладзімера Кнігу, Яўгена Разьнічэнку, а таксама падзеліцца іншымі гісторыямі вязьняў сумленьня.

Ціханоўская падыме пытаньне «міжнароднага расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і скліканьня фармальнай сэсіі Рады бясьпекі ААН па пераадоленьні крызісу ў Беларусі», гаворыцца ў паведамленьні.

Гэта другія слуханьні ў Радзе бясьпекі ААН з удзелам Ціханоўскай. Першыя прайшлі 4 верасьня, і тады яна заклікала ўвесьці санкцыі супраць асобаў, якія маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, а таксама прыняць меры для спыненьня гвалту.

Намесьнік сталага прадстаўніка Расеі пра ААН Дзьмітрый Палянскі назваў арганізацыю новых слуханьняў у Радзе бясьпекі з удзелам Ціханоўскай правакацыяй заходніх краінаў, бо, паводле яго, тэмы Беларусі няма на парадку дня працы Рады бясьпекі ААН.

— Вядома, навідавоку чыстай вады правакацыя з боку эстонцаў і іншых заходніх краінаў. Але нам ёсьць што сказаць у адказ. Таму і Расея, і, наколькі мне вядома, сама Беларусь возьмуць удзел у гэтай сустрэчы, — заявіў Палянскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG