Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская папрасіла АБСЭ спрыяць яе бясьпечнаму вяртаньню ў Беларусь


Франак Вячорка і Сьвятлана Ціханоўская

18 студзеня Ціханоўская правяла онлайн-сустрэчу з амбасадарамі Эўразьвязу у Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). Яна папрасіла гарантый бясьпечнага вяртаньня ў Беларусь для сябе і іншых палітыкаў.

Да дыскусіі далучыліся дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у міжнародных пытаньнях Франак Вячорка і прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі, паведамляе сайт экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі.

Ціханоўская прапанавала АБСЭ ўзяць на сябе арганізацыю інклюзыўнага дыялёгу для вырашэньня крызісу ў Беларусі. Арганізацыя, на яе думку, можа стварыць кантактную пляцоўку і пачаць з экспэртнага круглага стала з удзелам Эўразьвязу, дэмакратычных сіл Беларусі і Каардынацыйнай рады, а таксама прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Па словах Ціханоўскай, БДІПЧ АБСЭ — арганізацыя, якая можа дапамагчы ў арганізацыі свабодных выбараў паводле міжнародных стандартаў і пад міжнародным назіраньнем.

«Мы разьлічваем правесьці выбары за 45 дзён, і нам патрэбна дапамога ў гэтым», — падкрэсьліла Ціханоўская.

На онлайн-сустрэчы абмеркавалі рэалізацыю Маскоўскага мэханізму АБСЭ і стварэньне міжнароднага органа для расьсьледаваньня злачынстваў рэжыму Лукашэнкі. Сьвятлана Ціханоўская прадставіла ўдзельнікам аўдыёзапіс з голасам, падобным да голасу Мікалая Карпянкова, аб стварэньні лягераў для зьняволеных.

Падчас сустрэчы абмеркавалі і вяртаньне апазыцыйнага расейскага палітыка Аляксея Навальнага ў Маскву. Ціханоўская заклікала міжнародныя арганізацыі дапамагчы ў арганізацыі бясьпечнага вяртаньня ў Беларусь для яе і іншых лідэраў дэмакратычных сілаў.

«Паколькі супраць мяне завялі дзьве крымінальныя справы зь міждзяржаўным вышукам, маюць быць адмысловыя гарантыі майго вяртаньня. Сытуацыя з Навальным паказала, што неабходная дапамога міжнароднай супольнасьці, перш за ўсё АБСЭ».

Сустрэчу арганізавала дэлегацыя Эўразьвязу ў АБСЭ і пастаянны прадстаўнік ЭЗ Раса Астраўскайтэ. Гэта ня першая сустрэча Ціханоўскай ў АБСЭ: Сьвятлана ўжо выступала перад пасламі АБСЭ ў Вене ў лістападзе, а таксама ў парлямэнцкай асамблеі арганізацыі, дзе вяла дыялёг з прадстаўніком рэжыму Лукашэнкі Андрэем Савіных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG